Прывычка аслабляе асцярожнасць

Закон и порядок

Дома, у атмасферы ўтульнасці, сярод звыклых рэчаў мы забываем пра небяспеку, якая бяжыць па электраправадах. У выніку наступствы неасцярожнага абыходжання з электрапрыборамі становяцца вельмі сумнымі.

Прычыны няшчасных выпадкаў з электрычнасцю ў быце на працягу дзесяцігоддзяў амаль не мяняюцца – гэта парушэнні правіл эксплуатацыі ці выкарыстанне няспраўных электрапрыбораў, няўважлівае абыходжанне з электрычнасцю, спробы самастойнай разборкі і рамонту электрапрыбораў. Пра гэта мы ведаем з дзяцінства, аднак многія ўсе ж не прыслухоўваюцца да папярэджанняў. 

Асвятляльныя прыборы

Як правіла, люстры, столевыя і насценныя свяцільні, бра рэдка з’яўляюцца прычынай электрычных траўмаў ці пажару. Галоўнае – не пакідаць іх без нагляду на працяглы тэрмін уключанымі і не размяшчаць побач гаручыя прадметы. У пераносных свяцільняў небяспечным месцам з’яўляюцца правады: парушэнне іх ізаляцыі можа прывесці да паражэння электрычным токам. А пашкоджанне токавядучай жылы – да іскрэння і ўзгарання.

Радыёэлектронныя прыборы

Карыстаючыся імі, строга выконвайце правілы эксплуатацыі, указаныя ў дакументацыі да іх. Напрыклад, тэлевізары часта становяцца прычынай пажараў з-за незахавання ўмоў эксплуатацыі: ні ў якім разе нельга закрываць вентыляцыйныя адтуліны ў корпусе прыбора, дапускаць пападання ўнутр вадкасцей і металічных прадметаў, ставіць тэлевізар у мэблевую нішу, якая перашкаджае вольнаму доступу паветра і адводу цяпла, пакідаць тэлевізар уключаным без нагляду. Ніколі не спрабуйце самастойна разбіраць тэлевізар і іншыя радыёэлектронныя прыборы – у многіх з іх выкарыстоўваюцца небяспечныя для жыцця ўзроўні напружання.

Награвальныя прыборы

Прасы, электрычныя чайнікі, электраабагравальнікі маюць вялікую спажываную магутнасць, таму нельга адначасова падключаць некалькі такіх устройстваў да адной разеткі: гэта можа выклікаць празмерны нагрэў правадоў, пашкоджанне іх ізаляцыі, аплаўленне і ўзгаранне разетак. Неабходна сачыць, каб шнур сілкавання прыбора не трапляў на гарачы награвальны элемент, бо гэта можа прывесці да пашкоджання ізаляцыі і кароткага замыкання. Пакіданне без нагляду награвальных электрапрыбораў – адна з самых частых прычын пажараў.

Элекраінструмент

Часцей за ўсё сустракаюцца пашкоджанні ізаляцыі проваду электраінструмента, якія прыводзяць да электратраўмаў. Нельга выкарыстоўваць электраінструмент на вуліцы падчас дажджу, туману, снегападу. Бываюць таксама выпадкі пашкоджання электраінструментам  схаванай праводкі пад напружаннем, напрыклад, пры свідраванні адтулін у сценах.

Звярніце ўвагу на стан ахоўнай зоны бытавых ліній электраперадач, якая складае 2 м ад праекцыі на зямлю крайняга проваду. У ахоўнай зоне забараняецца весці работы, складзіраваць матэрыялы, размяшчаць пабудовы, саджаць дрэвы і кусты.

Калі лінія электраперадач праходзіць па садовых участках, дапускаецца набліжэнне галінак дрэў да правадоў не менш за 1 м. Так, у Нароўлі дзесяцігадовы хлопчык, гуляючы ў закінутым домаўладанні, залез на дрэва і дакрануўся да аголеных правадоў падключэння жылога дома, якія былі пад напружаннем, што прывяло да гібелі дзіцяці.

Пётр МАКАРЭВІЧ,

інспектар Валожынскай

РІ “Энерганагляд”



Добавить комментарий