Добрыя плады рэканструкцыi

Общество

Ужо некалькі месяцаў працуе ў звыклым рэжыме гарадская лазня пасля праведзенай рэканструкцыі. Яна набыла сучасны выгляд і знадворку, і ўнутры. Рамонтныя работы на гэтым патрэбным для горада сацыяльным аб’екце вёў Валожынскі філіял “Рамонтна-будаўнічага ўпраўлення” ААТ “Універсалрамбуд”. Рэканструкцыя і набыццё новага абсталявання абышліся бюджэту ў 3 мільярды рублёў.

Рамонт лазні праведзены з улікам сучасных патрабаванняў. Вочы наведвальнікаў цешыць сучасны інтэр’ер і ўтульнасць памяшканняў, унутраная аддзелка. У душавых, раздзявалках, памывачных усё ззяе свежасцю, навізной. У парылках прыемна пахне дрэвам. Лазня разлічана на адначасовы прыём дзевяноста наведвальнікаў. Тут працуюць два агульныя аддзяленні – мужчынскае і жаночае, 4 душавыя кабіны, цырульня, бар. Лазню зрабілі на славу, я нават не чакала, што будзе так хораша.

Абслугоўваюць гэты аб’ект Валожынскай ЖКГ дзесяць чалавек. У месяц лазню наведвае каля 2100 чалавек. Колькасць жадаючых памыцца найбольшая ў суботу, да 200 чалавек.

Для таго, каб у лазні стварыць неабходны цеплавы рэжым у парылках, расходуецца да 55 м куб. дроў у месяц.

Адкрыўся спецыялізаваны кіёск, у якім можна набыць розныя лазневыя прылады, шампуні, мыла, крэм і інш. Тут жа прадаюць і білеты, кошт якіх даволі памяркоўны: 30000 – у лазню і 28000 – у душ. Асартымент тавараў павялічваецца, цэны прымальныя, бо з пастаўшчыкамі працуюць без пасрэднікаў. Праз Інтэрнэт стараюцца знайсці больш танны тавар. Добрым попытам карыстаюцца лазневыя венікі.

У памяшканні лазні працуе бар ад рэстарана гасцініцы “Карона”. Рэжым яго работы: пятніца-субота – з 13 да 22 гадзін, нядзеля – з 10 да 19 гадзін. Жадаючых наведаць бар многа. Асартымент багаты, выручна дасягае 3 млн рублёў у дзень. Добра разыходзіцца разліўное піва ад кампаніі “Аліварыя”. Купляюць ахаладжальныя напоі, попытам карыстаюцца бутэрброды. Ёсць у наяўнасці і пячэнне, цукеркі, рыба розных гатункаў, мясныя вырабы.

Няма недахопу ў кліентах і ў цырульні, якая працуе ўсе дні, акрамя панядзелка. Найбольш распаўсюджаная паслуга – стрыжкі, пры жаданні можна пафарбаваць валасы, зрабіць завіўку.

Аматары лазні гавораць, што пасля рамонту тут стала больш утульна, прыемна прыйсці ў адноўленыя, сучасна абсталяваныя памяшканні. Хаця былі і некаторыя нараканні. Некаторыя валожынцы прыходзілі ў рэдакцыю са скаргамі, што ў раздзявалцы лазні шафкі малыя і цячэ са столі, у памывачным аддзяленні лаўкі нізкія, дрэнна працуе парылка. Таму я вырашыла праверыць усе гэтыя нязручнасці на сабе і ў бліжэйшую суботу наведала лазню. Недахопаў, пра якія мне казалі, я не заўважыла. Шафкі падаліся мне вельмі зручнымі, са столі не капала, у парылцы таксама ўсё спадабалася. Пасля рамонту ў лазню я прыйшла ўпершыню і была сапраўды задаволена.

Лічу, што атрымаўся добры аб’ект, які будзе карыстацца попытам.

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара



Добавить комментарий