Святочны сняданак

Культура

Ясь вельмі любіў Вялікдзень. Пачынаў чакаць гэта свята ад Каляд. Адзіны хлопчык у шматлікай радні, ён заўсёды адчуваў сваю значнасць, асабліва ў святы.

Маці, сёстры (родныя і стрыечныя), бабулі, цёткі песцілі яго адна перад адной. Але гэта пяшчота была такой шчырай, што зусім не псавала хлапчука. Нягледзячы на мянушку “дагледжаны”, Ясік рос добрым, абаяльным і з вялікім пачуццём уласнай годнасці. Сям’я жыла небагата, але на самае неабходнае хапала. Канечне, у заможных цётак нават звычайны абед быў больш шыкоўным, што ж казаць пра святочныя сталы…

Прачнуўшыся ранкам у першы дзень Вялікадня, распакаваўшы падарункі, свавольнік прашмыгнуў міма маці, якая завіхалася на кухні, і накіраваўся да цёткі Ганны. Цётка працавала ў мясцовай сталоўцы і мела рэпутацыю лепшай гаспадыні вёскі. У яе хаце кармілі заўсёды смачна. Вось і на гэты раз пахі адчуць можна было яшчэ з двара. Сям’я цёткі збіралася садзіцца за стол. “О! Ясічак з’явіўся! – узрадаваліся сваякі. – Не снедаў? То сядай з намі!” Ясь так спадзяваўся пачуць гэтыя словы, але, калі яны прагучалі, раптам адчуў нейкую няўпэўненасць. Па-першае, яму падалося, што ў словах тых не хапае шчырасці, зацікаўленасці. Па-другое, неяк не спадабалася іх упэўненасць у тым, што ён галодны. І хлапчук стаў адмаўляцца. “Ды не, мяне мамка пакарміла”. Сваякі, канечне, нейкі час яшчэ ўгаворвалі малога. Але ён так упарта адмаўляўся, то ўрэшце прагучала: “Што ж, не, дык не”. І застолле ўзнавілася. Чым весялейшым станавілася яно, тым больш прыкра рабілася дзіцяці, пра якое хутка ўсе забыліся. Да таго ж яму хацелася есці. Слёзы душылі хлапчука, было крыўдна і сорамна. “Нічога! Не памру і не паеўшы!” – раптам пачулася з кута. У пакоі стала ціха, а затым усё прыйшло ў рух. І старыя, і малыя – усе  ўсхапіліся, сталі цягнуць Яся да стала. Але ён ужо нічога не хацеў. Вырваўшыся з цётчыных рук, душачыся слязамі, хлопчык панёсся дадому.

Якімі ж смачнымі здаліся яму ў той дзень стравы, прыгатаваныя маці і сёстрамі. «Цябе што, цётка да стала не запрасіла?» – запытаў бацька, назіраючы за тым, з якім апетытам сын уплятае будзённыя прысмакі. “Ды не! Запрашала. Але ў іх усё было… нясмачнае!” У гэты момант Ясь гатоў быў клясціся, што гаворыць праўду.

 

Валянціна Краўневіч



Добавить комментарий