Музыкант-унiверсал з Iвянца

Культура

Іван Іванавіч РАКАВЕЦ амаль сорак гадоў выкладае па класу баяна ў Івянецкай музычнай школе. Поплеч працуюць і трое яго колішніх выпускнікоў. Колькі ж моладзі за дзесяцігоддзі навучыў настаўнік перабіраць лады на баяне – ужо і падлічыць цяжка.

…Беларуская музыка для малога Іванкі пачалася з матчынай песні. Спачатку з ціхіх калыханак, затым з галасоў журботных жніўных напеваў, што чуліся з поля. Але назаўжды ўлюбёным у музыку хлопчыка пакінулі дзіўныя мелодыі драўлянага кларнета, на якім іграў бацька, Іван Іосіфавіч.

Бацька быў адмысловым кавалём, але гэта рамяство не перашкаджала быць і рамантыкам-летуценнікам. Сам асвоіў кларнет і часта ў сямейным коле заўзята іграў на ім. А дзядзька Іванкі з імпэтам музіцыраваў на гармоніку. Калі хлопчык меў шэсць гадоў, ён таксама пасябраваў з гэтым музычным інструментам і асвоіў яго самастойна. У такой творчай атмасферы, якая згладжвала сялянскую няшчымніцу, і рос Іван Ракавец.

Яшчэ ў юнацтве ён віртуозна валодаў гармонікам, таму і наважыўся паступаць на музыканта. Бацькі не пярэчылі, бо ў той час займацца музыкай было даволі прэстыжна. З родных Савяцевічаў Іван паехаў па веды ў Маладзечанскае музычнае вучылішча. Гэту ўстанову паспяхова скончыў і па размеркаванні трапіў у Івянец…

І. І. Ракавец – музыкант-універсал: умее іграць не толькі на гармоніку, баяне і акардэоне, але і на кантрабасе. Дома ж у яго да гэтага часу беражліва захоўваецца бацькаў кларнет – сведка прагі душы селяніна да мастацтва.

Доўгі час пры Івянецкім Доме культуры паспяхова выступаў самадзейны ансамбль “Івянецкія музыкі”.  У яго складзе Іван Іванавіч іграў на баяне, былі тут і цымбаліст, бас-гітарыст, барабаншчык. Ансамбль меў поспех не толькі ў раёне, цёпла яго прымалі і на суседняй Гродзеншчыне. Зараз, на жаль, калектыў амаль распаўся – пайшла мода на іншую музыку, фальклор пушчаны на звод. Але мясцовыя жыхары ўсё ж не пагарджаюць народнымі традыцыямі, па-ранейшаму запрашаючы “Івянецкіх музыкаў” іграць роспісы на вяселлях, “выводзіць” маладых. Хіба можа электронная прылада паспрачацца з аўтэнтычнымі мелодыямі музыкантаў у нацыянальных касцюмах?!

Тэкст і фота Алены ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий