Ходзiм па беламу…

Культура

Маршрут гарадскога пасажырскага транспарту ў Валожыне праходзіць па гарыстым ландшафце. Таму едзем не так і хутка. Напружаны гул аўтобуса нібы спаборнічае па сваёй сіле з гамонкай людзей, якіх заўсёды шмат у салоне.

Пасажыры, не зважаючы на іншых, па сваіх крутых смартфонах уголас абмяркоўваюць розныя сямейныя справы, дзеляцца навінамі, якія, здаецца, трэба было б па правілах этыкету трымаць у тайне ад іншых. Вось і канечны прыпынак. Можна выслабаніцца ад гэтага назойлівага тлуму.

Па прыступках услед за намі таропка выходзяць пасажыркі. Адна з іх паспешліва “дарасказвае” знаёмай спадарожніцы пра сваю другую палавінку. У асноўным карыстаецца ненарматыўнай лексікай, не зважаючы ніякай увагі на тое, што яе нецэнзурную лаянку могуць пачуць іншыя. Я аж не вытрымала і азірнулася: якая ж гэта кабета так прылюдна прыніжае свайго мужчыну?! Аказалася, што гэта зусім і не кабета ў пачцівых гадах, а дзяўчына з суседняй шматкватэркі, на выгляд – гадоў пад дваццаць пяць. Ведаю, што яна яшчэ не замужам. Ужо на вуліцы мы крытычна абмяркоўваем гэту сітуацыю з дачкой. Я кажу: “Цікава, як жа яна будзе размаўляць са сваім мужам у далейшым, калі ўжо цяпер абыходзіцца з хлопцам амаль выключна толькі чорнай лексікай? Хіба, такую ён замуж не возьме?!”

У адказ мая дачка парыруе: “Мама! Менавіта вось такія дзяўчаты і знаходзяць у жыцці добрых хлопцаў!” І прыводзіць мне некалькі прыкладаў…

Ад аўтобуснага прыпынку мы ідзём у бліжэйшую краму. Адчуваю, што едкі дым брыдкіх слоў, пачутых у салоне аўтобуса, яшчэ поўнасцю не пакінуў мяне.

У палоне людскіх размоў ты міжволі аказваешся і ў краме. У невялікім мікрараёне амаль усе добра ведаюць адзін аднаго. Таму тэмы для гутаркі заўсёды знаходзяцца. Асабліва ў кабет. У чарзе ў магазіне мужчыны звычайна панура маўчаць. А жанчыны ўсё без стомы шчабечуць.

Міжволі назіраю, што гаспадыні ў асноўным атаварваюцца прадуктамі. Затое амаль кожны мужчына найчасцей просіць то бутэльку гарэлкі, то піва. Падыходзіць да гандляркі чарговы пакупнік. Стомленая ад людскога наплыву прадавец падкрэслена тактоўна задае пытанне: “А Вы што хочаце купіць?” Мужчына нейкую секунду марудзіць з адказам. Я грэшнай справай нават паспела падумаць: відаць, таксама прыйшоў за гарэлкай, але саромеецца знаёмых у чарзе.

Прадавец перапытвае: “Дык Вам што прадаць?” А мужчына расплываецца ва ўсмешцы і нечакана для іншых гучна кажа: “Шчасця!!!” У чаргі ад такога жарту міжволі ўзнімаецца настрой. Твары ў людзей святлеюць.

Я ўжо не памятаю, што гэты жартаўнік тады купіў у магазіне, але дакладна магу сцвярджаць, што не гарэлку, па-мойму ўсё ж ён узяў пакецік чыпсаў.

Пасля гэтага эпізоду ў магазіне непрыемная сітуацыя з грубасцю пасажыркі аўтобуса ўжо і зусім забылася. Далейшы шлях дадому мы ішлі з больш светлым настроем, чым хвілін 10-15 таму. Снег на зямлі ляжаў вялізнымі белымі лапінамі. Месцамі ён зусім растаў. Не было яго і ў зацішку тарца дома № 39 па вуліцы Чапаева. А можа гэта прырода зрабіла наўмысна. Бо тут яшчэ летам нейкі хлопец-рамантык няроўным почыркам велізарнымі літарамі напісаў прызнанне дзяўчыне: “Прости Ангел”. У гэтым кароткім сказе знакі прыпынку ён не паставіў. Хочацца думаць не таму, што не ведае сінтаксісу, хутчэй за ўсё эканоміў белую фарбу.

Заўважыла, што людзі, якія ідуць па тратуары, свядома абыходзяць пакінуты надпіс, стараюцца нагамі не ступаць на гэта шчырае прызнанне маладога сэрца. Чамусьці верыцца, што хлопец  тэмпераментнага характару выводзіў гэты надпіс на асфальце не для той дзяўчыны, якая “благім матам” характарызавала сваю другую палавінку ў гарадскім аўтобусе, а для дзяўчыны, вартай светлага кахання.

Ад месца, дзе свае пачуцці выказваў валожынскі Рамэа, рукой падаць да дзіцячай спартыўнай пляцоўкі ў мікрараёне Сельгастэхніка. Тут любяць забаўляцца падлеткі ў любую пару года. Мокры, злёгку падмёрзлы снег, відаць, і падштурхнуў аднаго з падлеткаў да псеўдатворчасці. На лаўцы, якая стаіць навідавоку, ужо здаля бачны акуратна выразаныя вялізныя снежныя літары, якія клапатлівай рукой пакладзены ў раўнюсенькі радок на драўляным сядзенні. Літары атрымаліся амаль філігранныя, відаць, у аўтара гэтага надпісу зайздросны каліграфічны почырк, а вось душа ў яго “з гнільцой”. Нездарма яшчэ нядаўняе захапленне майстэрствам гэтага “разьбяра” выпарылася, як эфір, калі я бліжэй падышла да лаўкі і прачытала кароткае снежнае слова, пранізанае рэзкай грубасцю: «г…о».

Сцены гарадской кватэры ізалююць чалавека ад знешняга свету, праўда, гэтага можна дабіцца, калі адключыць хоць на нейкі час сродкі камунікацыі. І падарыць сабе некалькі хвілін спакою і цішыні. Але ад уражанняў дня поўнасцю ўсё роўна ізалявацца не ўдаецца. Пазітыўныя эмоцыі, непрыемныя адчуванні і псіхалагічныя перажыванні застаюцца пакуль з табой. На жаль, у той студзеньскі дзень у маім жыцці было ўсё ж больш мінорных уражанняў…

…Аднойчы я пазнаёмілася з вядомай траўніцай з Гродзеншчыны. Яна ведае сакрэты многіх прыродных лекаў. Да выхаду на пенсію працавала настаўніцай біялогіі. Спасцігаючы народныя ўніверсітэты фітатэрапіі, гэта жанчына аб’ездзіла многія куточкі Беларусі, рупліва нарыхтоўваючы цудадзейныя лекі. Сёння ёй далёка за восемдзесят. Яна міжволі аб’ектыўна і прафесійна аналізуе змены ў раслінным свеце, у жывой прыродзе. З дакорам траўніца зазначае, што амаль бясследна зніклі з зямлі многія гаючыя зёлкі, рэдка цяпер сустрэнеш і мілыя сэрцу васількі, якіх раней было проста мора. Затое заўзята абжываюць прастору чарнобыльнік, дзядоўнік, актыўна ідзе ў наступленне баршчавік, іншае шкоднае пустазелле, якое бязлітасна марнуе зямлю-карміцельку.

Кажуць, што кветкі – гэта рэшткі былога раю на нашай грэшнай зямлі. Зніклі, відаць, назаўсёды медунічныя паляны ля чыстых імклівых рачулак, рэдка сустрэнеш блакітныя палявыя званочкі, паменела матылькоў, ды і галасістых салаўёў папуляцыя таксама памізарнела. Магчыма, прырода і сапраўды пакрыўдзілася на людзей, якія часта бываюць жорсткімі, неахайнымі ў словах, якія больш засмечваюць зямлю, чым прыбіраюць, прыхарошваюць яе.

…Назаўтра раніцай на працу ў рэдакцыю я спецыяльна адправілася пешкі амаль два кіламетры, каб сам-насам пабыць з думкамі, з якіх штодзень, зрэшты, і пачынаецца мая журналісцкая праца. Зямля была пакрыта тонкім снежным сувоем. Пратэктары калёсаў шматлікіх легкавушак, якія вёртка выязджалі з месца сваёй паркоўкі, пакідалі на снезе розныя немудрагелістыя ўзоры. Але прыплюшчаны снег усё роўна ўпарта бялеў. І я ўпершыню за шмат гадоў свайго жыцця я па-дзіцячаму здзівілася: “Іскрысты асляпляльны снег ляжыць на мокрай чорнай зямлі, але ўсё роўна пераможна і доўга захоўвае свой белы прыгожы колер!” Нам дадзена права ці нават вялікае шчасце хадзіць па беламу. Гэта нібы благаславенне людзям з вышыні, каб жылі на зямлі годна і правільна.

Як важна ісці па жыцці і не напляміць: ні словам, ні ўчынкам. Чорныя сляды людзей абмінае прырода, кветкі на такіх месцах ніколі не растуць. Задумаемся!

Ірына ПАШКЕВІЧ

Фота з інтэрнэт-рэсурсаў



Добавить комментарий