Песнi ў гонар перамогi

Официально

Мінулая нядзеля падарыла валожынцам магчымасць наведаць два цікавыя музычныя мерапрыемствы. У раённым Цэнтры культуры прайшлі традыцыйны фестываль-конкурс ваенна-патрыятычнай песні “Вікторыя” і першы тур Рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу “Новыя імёны Беларусі”. 

У гэтым годзе фестываль-конкурс прысвечаны 70-годдзю Вялікай Перамогі, таму большасць песень закраналі тэму Вялікай Айчыннай вайны. Удзельнікі выступалі ў дзвюх узроставых групах (ад 14 да 18 гадоў і ад 18 да 31 года). Шырока вядомыя, стаўшыя класікай песеннага жанру, “Синий платочек”, “Алеша”, “Журавли”… Не ўсе ўдзельнікі конкурсу мелі аднолькавую падрыхтоўку і вопыт, галасавыя даныя таксама адрозніваліся, але кожны спявак імкнуўся як мага больш поўна раскрыць тэму твора. За некалькі хвілін маладыя артысты стварылі непаўторныя, запамінальныя вобразы. Пад вялікім уражаннем засталіся гледачы ад прыгожага нумара Ірыны Школінай, якая напомніла моладзі аб тым, што і на вайне людскія сэрцы заставаліся адкрытымі каханню і вернасці. Спадабаліся гледачам і выступленні Вольгі Камінскай і Аляксандра Абрамовіча, Ягора Тура. На ўра выступіў малодшы сяржант воінскай часці Уладзіслаў Грыцэнка. Яго песня на афганскую тэматыку выклікала слёзы на вачах прысутных.

Прайграўшых у конкурсе не было, але журы ўсё ж выдзеліла лепшых. Дыпломамі за «Выканальніцкае майстэрства» ўзнагароджаны вучаніца гімназіі № 1 Вераніка Сівая (“Это просто война”) і Таццяна Ждановіч, салістка Пяршайскага СДК (“Зажгите свечи”). Дыпломы “За яскравае раскрыццё ваеннай тэматыкі” атрымалі Рыгор Валасевіч з Івянецкага дома-інтэрната і Ірына Школіна, якая прадставіла Ракаўскі ЦНТ (“Тучи в голубом”), а прызы глядацкіх сімпатый дасталіся вучаніцы Дорскай СШ Але Ванслаў (“Обелиск”) і Уладзіславу Грыцэнку з песняй “Привет, сестрёнка”. Дыпламанты атрымалі памятныя падарункі ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, а таксама ад РК ГА “БРСМ”.

Арганізатарам конкурсу “Новыя імёны Беларусі” выступіла Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі пры падтрымцы Міністэрства культуры і Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі. Конкурс праводзіцца ў рамках Года моладзі пад дэвізам “Адкрываем новыя імёны разам!”. Дыпломы пераможцаў раённага тура атрымалі Аляксандр Сабалеўскі, які даўно ўжо асвойвае сталічныя пляцоўкі (Аляксандр прадстаўляў Івянецкі ГПДК і выканаў песню “Павшим друзьям”), Сяргей Мянцюк – фельчар ЦРБ (песня “Девочка, девушка, женщина”) і Юлія Скурко – выкладчык Ракаўскай ДШМ (песня “Люблю тебя”). Астатнім удзельнікам уручаны памятныя сертыфікаты. Уладальнікі дыпломаў прадставяць прафсаюзы Валожыншчыны на абласным туры. Падарункам для пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу стане ўдзел у здымках тэлевізійнай версіі з далейшай трансляцыяй на тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі, ратацыя на папулярнай радыёстанцыі “Новае радыё”, а таксама каштоўныя падарункі ад Федэрацыі прафсаюзаў. Удзельнікі раённага тура атрымалі падарункі ад Валожынскага РК прафсаюзаў.

Актыўны ўдзел у правядзенні конкурсаў прыняла воінская часць. Як адзначыў намеснік камандзіра па ідэалагічнай рабоце Дзмітрый Мікалаевіч Ракавец, кіраўніцтва брыгады надае вялікае значэнне патрыятычнаму выхаванню молодзі. Шкада, што ў зале амаль не было дзяцей і падлеткаў школьнага ўзросту. Прысутнічалі толькі ўдзельнікі і іх кіраўнікі з гімназіі, Гародзькаўскай, Суднікаўскай, Пяршайскай, Дорскай школ.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий