Не марнуючы часу

Культура

Заўсёды настрой падымаецца, калі наведваешся ў  СГУ «Бабровічы» УП «Мінскаблгаз». Тут на кожным кроку адчуваецца гаспадарскі падыход: усе аб’екты ў парадку, людзі пры гэтым не выглядаюць змардаванымі, махнуўшымі на сябе рукой – абы толькі работа ладзілася.

Асабліва ўражвае спосаб утрымання жывёлы. У памяшканнях не гуляюць скразнякі, у стойлах суха і цёпла, кармы падвозяцца своечасова і адпавядаюць усім патрабаванням заатэхнікі. Сапраўднае эстэтычнае задавальненне выклікала назіранне, як даглядчыца цялят разносіла пойла: вядзерцы чысцюткія, кожная порцыя наліваецца ў індывідуальны “посуд”. Здаровенькі маладняк жвава падскокваў на залацістай саломе.

Адзін з тых, хто ўсё сваё старанне і веды аддае роднай гаспадарцы – заатэхнік Аляксандр Лявонцьевіч РУБАЦКІ. Як патомны селянін, ён і пасля заканчэння школы не пажадаў развітвацца з сельскай працай. Скончыў Ільянскі сельскагаспадарчы тэхнікум і вярнуўся на радзіму маладым спецыялістам. Сёння асноўны яго клопат – 900 галоў буйной рагатай жывёлы, якая гадуецца на мяса. Штомесяц на мясакамбінаты вобласці пастаўляецца з Бабровічаў 60 бычкоў, кожны вагой у сярэднім 470 кілаграмаў і кандыцыяй “вышэйшая ўкормленасць”.

Рабочы дзень заатэхніка пачынаецца ў 7 гадзін. Без увагі не застаецца ні адна асобіна жывёлы. За суткі кожная павінна набраць не менш за 800 грамаў, нярэдка ж паказчыкі па прывазе бываюць і 900 грамаў, і кілаграм. Усё залежыць ад збалансаванасці кармоў. Як расказаў Аляксандр Лявонцьевіч, ніякіх спецыяльных харчовых стымулятараў росту жывёла не атрымлівае, у рацыёне толькі камбікармы, караняплоды, сянаж. На працягу года меню застаецца нязменным, бо жывёла знаходзіцца на стойлавым утрыманні.

Вядома, там дзе вытворчы працэс добра адладжаны, можна разлічваць і на прыстойныя заробкі. Жывёлаводы СГУ «Бабровічы» УП «Мінскаблгаз» не пакрыўджаны рублём. Нярэдка ў месяц у іх выходзіць 12, а то і больш мільёнаў.

Акрамя зарплаты, прыбытак прыносіць і хатняя гаспадарка. Аляксандр Іванавіч і яго жонка Марына Эдуардаўна не ўяўляюць, як сельскі падворак можа абыходзіцца без жыўнасці, не радаваць вока пышным агародам, кветнікам, садам. Сям’я ў Рубацкіх немаленькая – трое дзяцей, маці Аляксандра Лявонцьевіча. Яна хоць і жыве асобна, у Яцкаве, але таксама ўносіць уклад у агульны дабрабыт – трымае карову і забяспечвае малочнымі прадуктамі сына, нявестку, унука-школьніка, дзвюх старэйшых унучак з сем’ямі. Праўда, без падтрымкі з боку маладога пакалення пажылой жанчыне складана было б насенаваць на “карміліцу”.

За тыя некалькі хвілін, што ўдалося пагутарыць з Аляксандрам Лявонцьевічам, з яго вуснаў ні разу не прагучалі словы скаргі, нараканняў ці незадаволенасці. Вядома, у любой справе не абыходзіцца без нейкіх складанасцей. Страціўшы надзею пачуць пра іх ад суразмоўцы, стаўлю пытанне рубам: “Прызнайцеся, можа чаго не хапае – грашовай падтрымкі, забеспячэння тэхнікай ці чым-небудзь іншым?..”

А. Л. Рубацкі тут жа, быццам прадбачыўшы маю “правакацыю”, адказвае:

– Бракуе часу! Работы хапае, жаданне з ёй справіцца ёсць, а вось суткі маглі б быць і даўжэйшымі…

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара



Добавить комментарий