Асцярожнасць лiшняй не бывае

Закон и порядок

На працягу ўсёй гісторыі чалавецтва гандаль людзьмі заўсёды быў прыбытковым бізнесам. На жаль, не выключэнне і дзень сённяшні. Па ацэнках спецыялістаў, штогод у рабства трапляюць да 800 тысяч чалавек.

Беларусы зараз таксама ахвотна едуць за мяжу з мэтай працаўладкавання. Студэнты мараць падзарабіць на канікулах, хтосьці спакушаецца марай лёгка зарабіць і адначасова пабачыць свет. Аднак не для ўсіх замежны ваяж становіцца прыемнай падзеяй. Многія, асабліва з ліку тых, хто самастойна адшукаў работу,  трапляюць у сапраўднае працоўнае ці сексуальнае рабства. 

Каб прадухіліць такі паварот падзей, у нашай рэспубліцы прыняты Закон “Аб супрацьдзеянні гандлю людзьмі”. Згодна з ім, любыя дзеянні, у тым ліку аднаразовыя, накіраваныя на працаўладкаванне грамадзян за мяжой, могуць ажыццяўляцца толькі  пры наяўнасці спецыяльнага дазволу (ліцэнзіі), якая выдаецца Міністэрствам унутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Наяўнасць такой ліцэнзіі з’яўляецца дзяржаўнай гарантыяй захавання правоў і законных інтарэсаў грамадзян, якія выязджаюць на работу за мяжу, у тым ліку і ў Расію.

Аднак многія жыхары Беларусі ўсё ж трапляюць у сеткі-пасткі, расстаўленыя гандлярамі “жывым таварам”. Вярбоўшчыкі спакушаюць людзей высокімі  заробкамі і “райскімі” ўмовамі, а на справе ўсё аказваецца куды больш празаічным. Асаблівай небяспецы падвяргаюцца дзяўчаты і жанчыны.

Вядома, кожны чалавек мае права на самастойныя пошукі работы, на выбар месца жыхарства. Але асцерагайцеся, каб гэта не стала для вас бядой. Выязджаючы на работу ў краіны з візавым рэжымам, вы павінны мець рабочую, не турыстычную візу (турыстычная віза не дае права на працаўладкаванне).

Супрацоўнікі аддзялення па грамадзянству і міграцыі адрэагуюць на ваш зварот па акту незаконнага працаўладкавання ці прапановы “падзарабіць” за мяжой. Той жа, хто займаецца нелегальнай вярбоўкай, можа быць падвергнуты штрафу ў памеры ад 50 да 200 базавых велічынь.

Алена ЛУЖЫНСКАЯ,

начальнік аддзялення

па грамадзянству і міграцыі Валожынскага РАУС



Добавить комментарий