Агляд падзей у раённай газеце за сакавiк 1970 года

Культура

МАЦI-ГЕРАIНЯ

У саўгасе “Праца” глыбока паважаюць даярку Юржышскай малочнатаварнай фермы Веру Антонаўну Дубатоўку.

Шмат гадоў жанчына аддала гэтай нялёгкай працы. Але не менш клопатаў у жанчыны-працаўніцы і дома. Вера Антонаўна нарадзіла і выхавала дзесяць дзяцей. Яна ўзнагароджана ордэнам “Маці-гераіня”.  Дзеці В. А. Дубатоўкі вучацца ў школе, яна атрымлівае дзяржаўную матэрыяльную дапамогу. Усё гэта – сведчанне вялікай увагі, вялікага клопату, якім акружана жанчына-маці ў нашай краіне.

Ордэнам “Маці-гераіня” на Валожыншчыне ўзнагароджаны таксама калгасніца сельгасарцелі “Беларусь” Марыя Іванаўна Халапук, рабочая саўгаса імя Маякоўскага Яўгенія Іосіфаўна Мазанік, хатняя гаспадыня з Ракава Сцепаніда Рыгораўна Лях.           

 

ПРЫБАВIЛАСЯ ПЕРАДАВIКОЎ

Старшыня будаўнічага камітэта прафсаюза Валожынскай МБА У. Мандрык паведамляе ў рэдакцыю газеты:

“Прыбавілася ў нас перадавікоў вытворчасці. Пераможцам у сацыялістычным спаборніцтве прызнаны ўчастак майстра М. Шамрая. Будаўнічая брыгада Міхаіла Платонавіча Семянягі ўдастоена права называцца брыгадай камуністычнай працы.

На прафсаюзным сходзе пацверджана званне ўдарнікаў камуністычнай працы брыгадзірам Д. Таўгеню, В. Казакевічу, рабочым Эвеліне Мошцы, Лідзіі Станкевіч і іншым”.

 

ЛІЧБЫ І ФАКТЫ

 

Рабочыя саўгаса “Ракаўскі” на агульным сходзе пацвердзілі званне ўдарніка камуністычнай працы сямі членам свайго калектыву і прысвоілі дванаццаці. Ганаровага права звацца ўдарнікам камуністычнай працы ўдастоены даярка Ніна Антонаўна Русецкая, даглядчыца цялят Таццяна Карнееўна Касіловіч, токар Віктар Дзям’янавіч Стасяловіч і іншыя.

    Сем гадоў узначальваў пятую паляводчую брыгаду ў калгасе імя Леніна Міхаіл Фёдаравіч Зялкоўскі. Брыгада з году ў год дасягае новых поспехаў. У мінулым годзе ўраджай зерневых у ёй склаў 38,2 цэнтнера. Гэта самы высокі паказчык у раёне. За старанную працу камуніст М. Ф. Зялкоўскі ўзнагароджаны Граматай Вярхоўнага Савета БССР.

У валожынскай СШ № 2 прайшла ваенізаваная гульня “Зарніца-4”, у якой удзельнічалі тры атрады юнармейцаў дружыны імя Гагарына. Гульня пачалася па сігнале белай ракеты. Спачатку быў паўкіламетровы марш-кідок. Далей рассцілалася дымавая заслона – пачынаўся ачаг “хімічнага заражэння”. Юныя салдаты хутка надзелі процівагазы і паспяхова пераадолелі гэту перашкоду. Але за ёй была другая – “міннае поле”. Наперад выйшлі сапёры, расчысцілі шлях для сваіх атрадаў. Нарэшце, штурм пазіцый “праціўніка”. Перамог атрад пад камандаваннем Валерыя Янчанкі.

    З канвеера рамонтнай майстэрні раённага аб’яднання “Сельгастэхнікі” сышоў сто трыццаты адрамантаваны трактар. Да канца першага квартала адсюль будзе адпраўлена сто семдзесят пяць “сталёвых коней”. Узоры добрасумленных адносін да выканання сваіх абавязкаў паказваюць слесары А. С. Балашка, А. Ф. Аўсяннікаў, В. У. Рэут.

    На канцэрце ў гонар стагоддзя з дня нараджэння У. І. Леніна, які адбудзецца ў Мінску, у саставе зводнага хору вобласці выступіць мужчынскі хор нашага раённага Дома культуры. Ён выканае песню кампазітара Астроўскага “Слава народу” і “Песню аб Брэсцкай крэпасці” Алоўнікава. На абласным аглядзе, прысвечаным слаўнаму юбілею, выступіць таксама ансамбль настаўнікаў Валожынскай музычнай школы.

 

ДУША КАЛЕКТЫВУ

 Рабочы фабрыкі мастацкай керамікі і вышыўкі Б. Буткевіч расказвае пра свайго кіраўніка:

    “Дырэктар нашага прадпрыемства Віталій Пятровіч Пярфільеў заўсёды падтрымлівае цесную сувязь з рабочымі, часта наведвае цэхі, гутарыць з людзьмі. Чалавек з вышэйшай адукацыяй, ён не лічыць для сябе лішнім параспытваць вопытных майстроў аб тых ці іншых незразумелых пытаннях вытворчасці.

 

Памятаю, выйшла са строю электрапеч. Тады дырэктар сабраў брыгаду слесараў-механікаў, рабочых. І сам, закасаўшы рукавы, разам з імі ўзяўся за рамонт. Працавалі дружна, і праз кароткі час печ была пушчана на поўную магутнасць.

Пры актыўным удзеле дырэктара пачалі эксплуатаваць новую ўстаноўку па выплаўцы глазуры. Неспакойны, клапатлівы чалавек, наш дырэктар заўсёды жыве патрабаваннямі калектыву, з’яўляецца сапраўдным камуністам”.

 

ПЫТАННI БЕЗ

АДКАЗУ

На справаздачна-выбарным сходзе Валожынскага гарадскога спажывецкага таварыства старшыня праўлення так і не адказаў на цікавячыя ўпаўнаважаных пайшчыкаў пытанні.

 

Даклад складаўся з набору лічбаў-паказчыкаў аб выкананні вытворча-фінансавых планаў. Засталіся без тлумачэння праблемы: чаму ў горадзе нельга купіць звычайнага замка, цэглы, многіх гаспадарчых тавараў. Два гады вядзецца размова аб тым, каб адкрыць магазін ці ларок па продажы газіраванай вады, безалкагольных напіткаў. У грамадскім харчаванні па-ранейшаму нізкая культура абслугоўвання і якасць прыгатавання страў, дрэнна працуюць школьныя буфеты: асартымент страў у іх недастатковы.

 

ЛІЧБЫ І ФАКТЫ

 

    Ядвіга Канстанцінаўна Мікулевіч – адзін з лепшых жывёлаводаў калгаса імя К. Маркса. Больш за дзесяць гадоў працуе яна на свінаферме ў вёсцы Пяршаі. Стараннасць яе, руплівыя адносіны да даручанай справы не аднойчы адзначаліся праўленнем гаспадаркі. Я. К. Мікулевіч узнагароджана медалём “За працоўную доблесць”.

    У калгасе “17 верасня” механізатары вядуць пошук новых рэзерваў эканоміі, дбайнага гаспадарання. Летась трактарысты Іван Алешка і Міхаіл Бялоў разам зэканомілі каля 900 кілаграмаў гаручага. Тут падлічылі, што кошт леташняга перарасходу гаручага толькі па аўтапарку складае кошт трох новых трактароў “Беларусь”. Цяпер кожны шафёр, трактарыст, камбайнер адкрыў асабісты рахунак эканоміі гаруча-змазачных матэрыялаў, запчастак.

    У Валожынскай аўтабазе № 14 у першых радах барацьбітоў за эканомію гаруча-змазачных матэрыялаў ідуць шафёры Міхаіл Шаўлюк, Іван Качынскі, Анатоль Сухадолец. Яны за два месяцы зэканомілі амаль пяцьсот кілаграмаў бензіну.

Лепшы шафёр Валожынскай аўтабазы № 14 Іван Іосіфавіч Качынскі за сем гадоў працы на самазвале «ЗІЛ-551» зрабіў трыста пятнаццаць тысяч кіламетраў. Ён узнагароджаны ордэнам “Знак пашаны”, значком Міністэрства аўтамабільнага транспарту Беларускай ССР “За работу без аварый”. Перадавому вадзіцелю прысвоена званне “Ударнік камуністычнай працы”.

    Аднымі з першых у раёне выйшлі на палі хлебаробы калгаса “1 Мая”. Штодня ад ранку да вечара не спыняліся работы. Трактарысты Іван Бітэль, Іван Наквас і іншыя прыкладалі максімум намаганняў, каб паспяхова справіцца з заданнем па ўнясенню мінеральных угнаенняў. На кожны гектар унесена па два цэнтнеры суперфасфату, тры цэнтнеры калійнай солі, пяць цэнтнераў калчаданнага агарка.

Вярнуліся з камандзіроўкі інжынер-механік Івянецкага кансервавага завода Міхаіл Спецыян і лабарантка Яніна Мікіцкая. Чатыры дні вывучалі яны на Рыжскім кансервавым заводзе тэхналагічны працэс вытворчасці цукерак “Кароўка”. Раней з такой жа мэтай выязджала на Нараўлянскую цукерачную фабрыку Гомельскай вобласці рабочая завода Ніна Гецман. Цукеркі “Кароўка” – восьмы від прадукцыі. Выпуск іх будзе асвоены да стагоддзя з дня нараджэння У. І. Леніна.

 

КАЛI СУДЗЯЦЬ

ТАВАРЫШЫ

Адным з грамадскіх органаў выхавання з’яўляецца таварыскі суд. Дзейсна працуе ён у калгасе імя Мічурына.

 

Матэрыялы, якія разглядае таварыскі суд, часта перадаюцца рэдкалегіі насценнай сатырычнай газеты. Яна так прабярэ п’яніцу ці хапугу, што сорам будзе выйсці на людзі.

Афіцыйныя пасяджэнні суда праводзяцца непасрэдна ў населеных пунктах, брыгадах. Напрыклад, у вёсцы Сусні разбіраліся паводзіны А. С., якая абразіла сваю аднавяскоўку. Як высветлілася, у роўнай меры вінаватыя абедзве жанчыны. Ім вынеслі грамадскае ганьбаванне.

Таварыскі суд строга стаіць на варце аховы грамадскай маёмасці. Напрыклад, грамадзянін У. Г. за крадзеж калгаснай уласнасці аштрафаваны на пяцьдзясят рублёў, праўленню прапанавана не дапускаць яго да работ, звязаных з матэрыяльнай адказнасцю.

 

ЛІЧБЫ І ФАКТЫ

 

    Верна нясуць службу Айчыне юнакі з Падбярэзскага сельсавета. Выдатнікамі баявой і палітычнай падрыхтоўкі сталі Фадзей Рыснік, Леанід Янкоўскі, Альфонс Пятрашка і многія іншыя. Тым, хто памнажае традыцыі старэйшых пакаленняў, прысвечаны стэнд “Дастойныя славы бацькоў”, які афармляецца ў памяшканні сельвыканкама. Побач з фатаграфіямі воінаў-землякоў, якія прайшлі суровы шлях выпрабаванняў, пачэснае месца зоймуць фатаграфіі сённяшніх салдат.       

    Дваццаць шэсць навучэнцаў Валожынскай школы-магазіна паспяхова вытрымалі выпускныя экзамены. Бліскучыя веды па арганізацыі тэхнікі гандлю, па таваразнаўству харчовых і прамысловых тавараў паказалі М. Скапец, В. Зялкоўская, Ф. Казлоўская, Б. Лямбовіч. Выпускнікам ва ўрачыстай абстаноўцы ўручылі накіраванні на працу, падарункі.

    Пяты дзень у калгасе “Бальшавік” рыхтуюць вітамінную муку з хвоі. На агрэгаце АВМ-0,4 штодзённа выпрацоўваюць больш як паўтоны каштоўнай вітаміннай дабаўкі ў корм буйной рагатай жывёле, свінням. Калгасныя фермы за гэты час атрымалі амаль тры тоны вітаміннай мукі.

    На ніве народнай асветы раёна працуюць 1056 настаўнікаў. Сярод іх – 675 жанчын.    

    Лыжныя спаборніцтвы сярод старшакласнікаў прайшлі і ў валожынскай СШ № 1. Лепш за ўсіх выступілі дзесяцікласнікі Сяргей Шапачнікаў, Генадзь Сяргееў, Юрый Савін, Таня Балашка. Тут ладзіліся і асабіста-камандныя спаборніцтвы па стральбе з малакалібернай вінтоўкі. Самым меткім аказаўся вучань 9 класа Уладзімір Гулевіч, які выбіў 28 ачкоў з 30 магчымых. Другім стаў Віктар Бараноўскі, трэцім – Анатоль Кулак. Сярод хлопчыкаў пятых-сёмых класаў лепшы вынік у Леаніда Кавалеўскага, Уладзіміра Грышчука і Івана Турскага.

Старонкі газеты гартала Алена ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *