Простыя словы, простыя рэчы, шчырыя сустрэчы…

Культура

У Пяршайскім дзіцячым садзе-сярэдняй школе адбылася цёплая сустрэча. Яна распачалася шчыра і ўзнёсла. Вядучая паведаміла аб надзвычай важнай падзеі, што сабрала ўсіх у школе, – гэта 130-годдзе са дня смерці В. І. Дуніна-Марцінкевіча, які больш за 40 гадоў жыў і працаваў на Пяршайскай зямлі ў маленькім фальварку Люцынка.

З натхненнем вучні спявалі на роднай мове. Вучаніца 9 класа Вераніка Война праспявала “Калыханку” на словы Змітрака Бядулі. Народную песню “Ой, рэчанька, рэчанька” выканалі вучні 10 класа Наталля Кліменчук і Міхаіл Плявака. Асабліва хочацца адзначыць навучэнца 11 класа Арцёма Менцюка, ён спяваў на роднай мове, цудоўна іграў на гітары.

Вялікае задавальненне атрымалі прысутныя ад інсцэніроўкі неўміручай камедыі В. І. Дуніна-Марцінкевіча “Пінская шляхта”. Выдатна справілася з роляй Марысі вучаніца 11 класа Настасся Шапавал, з роляй Грышкі – вучань 11 класа Максім Пашкоўскі, з роляй Ціхона Пратасавіцкага – вучань 11 класа Арцём Мянцюк, з роляй Куторгі – вучань 11 класа Ігар Шарко, а Пісулькін з Кручковым пацешылі ўсіх. Дунінская камедыя выклікае смех і ў XXI стагоддзі.

Выступленне групы “Пяршайскія дударыкі” (вучні 6 класа) развесяліла яшчэ больш, бо яны не толькі спявалі, але і ігралі на незвычайных народных інструментах.

Сустрэчу працягнулі выступленні гасцей. Валянціна Францаўна Гіруць-Русакевіч і Марыя Антонаўна Шакун чыталі свае вершы, прысвечаныя вялікаму Дудару. Былы рэжысёр Пяршайскага народнага тэатра Мікалай Мікалаевіч Ганчарык падзяліўся ўспамінамі, яго вершы чыталі вучні школы. Прыемна было бачыць і былых акцёраў тэатра: Соф’ю Браніславаўну Тамашэўскую, Аляксандру Уладзіміраўну Бацян, Людмілу Пятроўну Пачыкоўскую. На сустрэчы мелі слова настаўнікі, якія шмат гадоў працавалі ў нашай школе: настаўніца і былы кіраўнік музея Марыя Іосіфаўна Пратасевіч-Русовіч, настаўнік беларускай мовы Марыя Уладзіміраўна Бобрык. Адбылося таксама і прыемнае знаёмства з земляком з вёскі Падневічы Станіславам Міхайлавічам Пупко.

Завяршылася сустрэча шчырай песняй і шчырымі простымі словамі пра Дудара, родную зямельку і родную мужыцкую мову.

Ядвіга КАЛЯСІНСКАЯ,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры

Пяршайскага ВПК



Добавить комментарий