Шчасце з водарам вясны…

Общество

На твары многіх жанчын міжволі чытаюцца заклапочанасць, удумлівая засяроджанасць. Менавіта ў такія хвіліны ў час абедзеннага перапынку і “злавіў” наш фотаапарат характэрны вобраз Ірыны Іванаўны ХВІН з Івянца.

 Яе сэрца, як і кожнай берагіні сям’і, вядома ж, найперш занята думкамі пра родных ёй людзей. Яна клапатлівая жонка, маці і такая маладая бабуля… Найцяплейшыя эмоцыі заўсёды ў душы маці выклікаюць дзеці. Сын Андрэй са сваёй сям’ёй жыве ў Мінску, дачка Дар’я пакуль таксама ў сталіцы: вучыцца ў адной з ВНУ. Хоць дзеці ўжо і сталі на самастойны шлях, але іх заўсёды цешыць і надае сілы шчырая мацярынская любоў і клопат. Матуля, нібы яркая зорка, асвятляе іх жыццёвую дарогу.

У гэтыя веснавыя дні родныя людзі будуць старанна выбіраць для Ірыны Іванаўны самыя прыгожыя букеты кветак. І не толькі з нагоды 8 Сакавіка. У пятніцу на жыццёвым календары гэтай абаяльнай жанчыны слаўны юбілей – 45-годдзе з дня нараджэння. Шчырыя віншаванні яна будзе прымаць і ад калег, адміністрацыі СП “Івкон” ААТ. Значная частка яе біяграфіі звязана з гэтым прадпрыемствам. Удала склалася тут і прафесійная кар’ера І. І. Хвін. У далёкім 1998 годзе яна пачынала працаваць зменным майстрам, а цяпер вялікі вопыт і бездакорнае старанне дапамагаюць на адказнай кіраўніцкай пасадзе: у 2007 годзе назначана начальнікам цукерачнага ўчастка № 2. Тут наладжана вытворчасць казінакаў, грыльяжу, ласункаў у глазуры і іншых відаў салодкай прадукцыі, тут прапісаўся і ўчастак фасоўкі гатовай прадукцыі.

Пра мэтанакіраванасць, старанны характар гэтай жанчыны сведчыць і наступны факт. Нягледзячы на тое, што І. І. Хвін у сваім прафесійным жыцці ўжо дасягнула значнага статусу, яна не паставіла канчатковую кропку ў сваёй адукацыі. На сённяшні дзень Ірына Іванаўна з’яўляецца студэнткай-завочніцай Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Гэты год завяршальны ў яе паспяховай вучобе.

Чым больш ты робіш, тым больш паспяваеш у сваім жыцці. Гэтым мудрым прынцыпам і кіруецца наша гераіня. Таму і ладзяцца ў яе справы  і на вытворчасці, і дома. Сядзіба Хвінаў на вуліцы Падлеснай у Івянцы таксама вызначаецца дагледжанасцю, прадуманым кветкавым і архітэктурным дызайнам. Знаходзіць час гэта жанчына і для свайго даўняга хобі – вязання. Зрэшты, трывалае палатно яе лёсу саткана з яркіх фарбаў і прыгожых узораў. Таму святы і асабістыя юбілеі заўсёды выклікаюць толькі светлыя эмоцыі і прыемныя перажыванні.

 Ірына ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий