Засумаваць не дае работа

Культура

Аператар машыннага даення МТФ “Кабыльчыцы” КСУП «Падбярэззе» Ніна Мікалаеўна Садоўская не толькі выдатны работнік, якім ганарацца ў калектыве, але і адна з самых паважаных у грамадстве матуль-гераінь. Жанчына нарадзіла і выгадавала пяць дзяцей, ёй уручана самая, бадай, ганаровая сацыяльная ўзнагарода – ордэн Маці. І хаця нашчадкі вылецелі ўжо з роднага гнязда, цеплыню яе неабдымнага сэрца яны адчуваюць праз любую адлегласць.

Як прызнаецца Ніна Мікалаеўна, яна сумуе па звонкіх дзіцячых галасах, якімі шмат гадоў поўнілася хата. Жанчына, выхаваная ў лепшых традыцыях мудрай і моцнай вясковай сям’і, хаця і не магла пахваліцца вялікім дастаткам, не пабаялася падарыць магчымасць убачыць свет усім сваім крывінкам. А тым, у каго дзеці, як кажуць, дапамагае сам Бог. Хапіла і хлеба, і грошай, каб кожнага накарміць і вывучыць, атуліць клопатам і пяшчотай, даць “пуцёўку” ў вялікае жыццё. Азіраючыся назад, Н. М. Садоўская не шкадуе ні пра адну пражытую хвіліну. Праўда, цяжка было адвыкаць, калі па меры сталення дзеці ехалі будаваць уласны дабрабыт, а ў сценах хаты станавілася трохі цішэй…

Цяпер Ніна Мікалаеўна жыве адна. Яна не пачувае сябе адзінокай: засумаваць не дае работа. На ўтрыманні ў аператара машыннага даення – 49 кароў, яна ў гаспадарцы прызнаны лідар па надоях, ад кожнай жывёлы атрымлівае ў сярэднім па 7 літраў малака. Акрамя таго, жанчына на працягу сямі апошніх гадоў сумяшчае гэту работу з абавязкамі слесара па ўтрыманні малакаправода. Радуе матулю і жыццё дзяцей. Асабліва цешыцца з унукаў, якіх хутка будзе ў яе таксама пяцёра! З усмешкай адзначае, што яны не абдзяляюць любімую бабулю ўвагай. І ў дні, калі вялікая сям’я збіраецца разам, старая хата зноў радасна звініць жыццём…

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара



Добавить комментарий