Ведае, што ў жыццi галоўнае…

Культура

Рускі пісьменнік Антон Чэхаў, які па адукацыі быў урачом, гаварыў: “Калі супраць якой-небудзь хваробы прапаноўваецца вельмі многа сродкаў, то гэта азначае, што хваробу вылечыць немагчыма”.

Жыхарка Гелянова, стагадовая Марыя Антонаўна Юхнеўская аптэчным лекам і вітамінам не давярае, дактароў не любіць, пацыенткай якой-небудзь медыцынскай установы ніколі не была. Ногі, праўда, падводзяць. Кажа, каб не зламаная шыйка бядра, то магла б яшчэ і нешта па дому рабіць. А так даводзіцца хадзіць, трымаючыся за спецыяльную каляску, якую ўнук прывёз з-за мяжы. Загадчык Вішнеўскай амбулаторыі С. У. Лужынскі час ад часу наведвае доўгажыхарку і кожны раз канстатуе, што здароўе ў яе – маладым пазайздросціць можна.

Марыя Антонаўна пераканана, што таблеткі прыносяць больш шкоды, чым карысці. І ў дачкі, 75-гадовай Валянціны Станіславаўны, стараецца выхаваць такое ж стаўленне.

Самой Марыі Антонаўне ленавацца за ўсё доўгае жыццё ніколі не даводзілася. Нарадзілася яна ў Ліньках у студзені 1915 года. Ішла вайна, сяляне пакутавалі ад голаду, многіх мужчын забралі на фронт. Мог бы і яе бацька туды трапіць, але яму ўдалося прыкінуцца на медыцынскай камісіі глухаватым. Малая дачка не адзін раз слухала той бацькаў расказ, магчыма, тады і зарадзіўся ў дзяўчынкі недавер да афіцыйнай медыцыны.

Самай цяжкай парой была вясна, калі заканчваліся запасы круп, зерня. Чакалі першай зеляніны, як паратунку ад голаду. Вельмі часта  ў стравы дабаўлялі пазёмачнік. Сунічны пах і да сённяшняга дня ў Марыі Антонаўны выклікае непрыемныя ўспаміны. А вось са шчаўем, лебядой ці крапівой такіх асацыяцый не ўзнікае, хаця гэтыя расліны таксама шырока ўжываліся ў ежу.

Гаравалі, але выжылі. Можа таму, што і паветра, і вада былі незабруджанымі, а адзенне – натуральным. Лён, сукно з воўны, валёнкі ды лапці – усё сваё, не магазіннае. У Вішневе, праўда, на базары хапала тавараў, прывезеных яўрэямі-гандлярамі з Вільні ці Варшавы, але куплялі іх сяляне рэдка. Вось што бацькі прыносілі заўсёды з кірмашу, дык гэта селядцы, якія за тлустасць называліся “шмальцовікі”. Былі яны невялічкія, з крапінкамі, хутчэй за ўсё, сучасныя івасі. Калі яўрэйка добрая акажацца, то ў збанок і “лёку” (расолу) шчодра налье. Тым “лёкам” з бульбай можна было ад душы навячэрацца! Чамусьці мала куплялі сяляне цукру, відаць, таму, што ўсё салодкае хоць і лічылася смачным, але не такім патрэбным, як, напрыклад, соль. За сваё маленства Марыя Антонаўна цукеркі каштавала мо разоў шэсць.

У юнацтве яна вельмі любіла рыбу, якую лавілі бацька і дзед. Называлі яе стронга і была яна чырвоная, бы мяса. Потым на доўгія дзесяцігоддзі прапала стронга са стала, пра яе нават і ўспамінаць забыліся.

Стараліся вяскоўцы грыбоў насушыць, арэхаў сабраць. Дары лесу і дома не збузуюцца, і на базары за іх добрую цану заўсёды возьмеш. За капу сушаных баравікоў (60 штук) давалі ў Валожыне злот!

Калі Марыі Антонаўне мінула 18 гадоў, зачасцілі да яе сваты. Тры гады дзеўка перабірала жаніхоў, а замуж выйшла за ўдаўца з двума дзецьмі. Цяжка было маладзіцы з такой сям’ёй упраўляцца, ніхто на дапамогу вельмі не спяшаўся. Пакрысе быт пачаў наладжвацца, як раптоўна памёр муж. Іх агульнай дачцэ чацвёрты гадок толькі пайшоў. Траіх малых падымала адна. Пасынкі, як павырасталі, павыляталі з роднага гнязда. Адзін пераехаў жыць у Польшчу, другі – у суседнюю вёску Войштавічы. Пры бацькоўскім доме засталася толькі Валянціна.

Яна падарыла Марыі Антонаўне чатырох любімых унукаў, ужо і чатыры праўнукі павырасталі. За іх лёс стагадовая жанчына вельмі перажывае, памятае ўсіх нашчадкаў па імёнах і вельмі чакае ў госці, каб пагаварыць, палюбавацца на родныя твары. Маладое пакаленне ганарыцца сваёй бабуля, якая ў такім узросце не растраціла цікавасці да жыцця, мае добрую памяць і нават яшчэ ўвядзе нітку ў іголку без акуляраў! На векавы дзень нараджэння яны падарылі ёй фотакалаж – генеалагічнае сямейнае дрэва, на якім можна ўбачыць усіх сваякоў: і жывых, і тых, хто ўжо пакінуў гэты свет…

Пра стагадовую юбілярку не забылі сацыяльныя службы і прадстаўнікі мясцовай улады. Падарункі, словы віншавання М. А. Юхнеўская прыняла з удзячнасцю і дала такі наказ: “Галоўнае для чалавека – вера ў Бога. А яшчэ – не ўжывайце гарэлкі, тытуню, “хіміі” і жыць будзеце доўга…”

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара



Добавить комментарий