У цэнтры абмеркавання – дэкрэт № 5

Закон и порядок

Семінар на тэму выканання заканадаўства аб працы прайшоў у раёне. На мерапрыемства былі запрошаны работнікі аддзелаў кадраў арганізацый і прадпрыемстваў Валожыншчыны, у тым ліку з аграпрамысловага комплексу, а лекцыю па асноўнай тэме дня прачытаў галоўны дзяржаўны інспектар працы Маладзечанскага міжрайаддзела Мінскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы В. М. Гуд.

Вячаслаў Міхайлавіч закцэнтаваў увагу на тым, што з 25 ліпеня 2014 года ўнесены 47 змяненняў і дапаўненняў у працоўнае заканадаўства. Спецыяліст спыніўся на тлумачэнні асобных палажэнняў Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 5. Разам з уступленнем у сілу гэтага акта ў заканадаўстве з’явілася новая мера дысцыплінарнага спагнання – пазбаўленне на тэрмін да 12 месяцаў цалкам ці часткова дадатковых выплат стымулюючага характару парушальніка дысцыпліны на наступны перыяд работы. Пры гэтым Вячаслаў Міхайлавіч адзначыў, што, карыстаючыся такой мерай, трэба ўказаць канкрэтную суму, якой работнік пазбаўляецца. Канкрэтныя лічбы залежаць ад таго, што прапісана ў калектыўным дагаворы, пагадненні ці працоўным дагаворы. Права ж выбару меры дысцыплінарнага ўздзеяння па-ранейшаму належыць органу, упаўнаважанаму прымаць адпаведнае рашэнне. Пры гэтым патрэбна ўлічваць цяжкасць правіны і абставіны, пры якіх яна была дапушчана.

Дадатковым пытаннем, якое згадаў В. М. Гуд, быў парадак занясення запісаў у працоўныя кніжкі. Захоўваецца падыход, згодна з якім запісы аб прычынах спынення працоўнага дагавора ці кантракта робяцца ў поўнай адпаведнасці з фармулёўкамі Працоўнага кодэкса Беларусі ці іншых заканадаўчых актаў (да іх адносіцца Дэкрэт № 29 “Аб дадатковых мерах па ўдасканаленні працоўных адносін, умацаванні працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны”, а таксама Закон “Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь”). Цяпер у гэты спіс уключаны і Дэкрэт № 5. Хаця адпаведныя папраўкі пакуль не ўнесены ў Працоўны кодэкс, прычыны звальнення, прадугледжаныя актам, усё адно трэба ўносіць у працоўную кніжку, пры тым даючы спасылку на канкрэтны пункт Дэкрэта. Сярод іншых новаўвядзенняў – змена формы працоўнай кніжкі, парадак яе выдачы пры звальненні і інш.

Спыніўся дакладчык і на аспектах скасавання працоўнага дагавору па ініцыятыве наймальніка. Указаная працэдура цяпер праводзіцца пасля папярэдняга, не пазней чым за два тыдні, апавяшчэння адпаведнага прафсаюза. Звальненне па прычынах, прадугледжаных Дэкрэтам № 5, таксама трэба разглядаць як звальненне па ініцыятыве наймальніка. Аднак прафсаюз у гэтым выпадку апавяшчаецца ў дзень звальнення работніка-штрафніка. Адметнасць у тым, што да таго, як звольніць чалавека па Дэкрэце № 5, кіраўнік абавязаны правесці праверку дапушчаных работнікам парушэнняў, вынікі якой аформіць актам або службовай запіскай.

Галоўны дзяржаўны інспектар працы паведаміў, што змены адбыліся і ў сферы працоўных адносін адміністрацыйнага заканадаўства. У Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях уведзены новы артыкул 23.16 “Непрадастаўленне дакументаў, справаздач і іншых матэрыялаў”. Да прыкладу, пасля атрымання законнага патрабавання ці прадпісання аб ухіленні выяўленых парушэнняў заканадаўства аб працы і (ці) аб ахове працы рэспандэнт павінен не проста выканаць даручэнні, але і даць пасля гэтага адказ.

Сярод дакладчыкаў на семінары выступала начальнік райаддзела абласнога ўпраўлення фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Марына Лявонцьеўна Калітнік. Яна спынілася на тэме прымянення Указа Прэзідэнта Беларусі № 572 “Аб дадатковых мерах дзяржаўнай падтрымкі сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, а таксама агучыла тэрміны здачы дакументаў персаніфікаванага ўліку. Начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Ала Міхайлаўна Валавікова паведаміла прысутным пра патрабаванні Дэкрэта № 5, а таксама даручыла кіраўнікам арганізацый і ўстаноў у сваіх калектывах азнаёміць кожнага работніка з палажэннямі гэтага дакумента.

Да друку падрыхтаваў

Сяргей САДОЎСКІ



Добавить комментарий