Справядліва заўважана: колькі ў чалавека дабрыні, столькі ў ім і жыцця. Медсястра Аксана Іосіфаўна ЛЯМБОВІЧ імкнецца напоўніць добразычлівасцю і спагадай кожны свой дзень.
У Івянецкай бальніцы ёй даводзіцца працаваць з хворымі людзьмі, якія маюць вострую патрэбу ў чулых адносінах і ўвазе. У кабінеце фізіятэрапіі Аксана Іосіфаўна робіць працэдуры як трохмесячным немаўлятам, так і глыбокім пенсіянерам.
З дзясятак фізіяпрацэдур – электрасветалячэбныя: дарсанваль, электрафарэз, ультравысокачастотная тэрапія і іншыя. Акрамя таго, тут хворыя атрымліваюць інгаляцыі лекавых рэчываў і парафіналячэнне.
Родам А. І. Лямбовіч з Сівіцы. Скончыла Барысаўскае медвучылішча. Па размеркаванні адпрацоўвала ў адной з бальніц горада Мінска. Але важкая частка медыцынскага досведу атрымана ў Івянцы. Пайшоў дваццаты год, як Аксана Іосіфаўна займаецца гэтай гуманнай справай.
Ветлівая ўсмешка і спагадлівасць медсястры, падбадзёрваючыя словы нязменна зараджаюць пацыентаў станоўчымі эмоцыямі і паднімаюць настрой. А выздараўленне, як вядома, пачынаецца з пазітыўных думак.
Прафесіі, якія прыносяць карысць грамадству, абралі і дзеці А. І. Лямбовіч: сын Артур – пажарны ў МНС, дачка Алена – эколаг.
Вольны ад працы час Аксана Іосіфаўна прысвячае любімаму хобі: вяжа ў падарунак блізкім мяккія світэры, шалікі і шкарпэткі – матулін клопат і цёплы дотык да родных сэрцаў.
Тэкст і фота Алены ПАШКЕВІЧ