Ён – сам народ

Культура

Да 150-годдзя з дня нараджэння Старога Уласа.

Максім Гарэцкі, характарызуючы ў сваёй знакамітай, першай у беларускім літаратуразнаўстве “Гісторыі беларускай літаратуры” (Вільня, 1920) Старога Уласа і падобных да яго пісьменнікаў пачатку ХХ ст., адзначаў: яны “…маюць у нашай паэзіі літаратурна-маральнае значэнне як песняры з мазольнаю рукою, што не толькі “з народа”, але і “сам народ”. Жывець душа народа – жывець народ!”.

Аднак хто ж такі Стары Улас, 150-я гадавіна з дня нараджэння якога спаўняецца 10 сакавіка гэтага года? Сапраўднае прозвішча яго Уладзіслаў Пятровіч Сівы-Сівіцкі. Нарадзіўся ён у Валожыне ў патомных сялян Пятра і Людвікі. Бацька яго, каб зарабіць на сям’ю (быў малазямельны), наняўся кухарыць у мясцовага графа Міхала Тышкевіча, аднаго з найбагацейшых магнатаў царскай Расіі. Але ў 1874 г., калі сыну было ўсяго дзевяць гадоў, бацька памёр. Тым жа летам не стала і маці. Круглага сірату ў сваю немалую сям’ю прымае цётка Юзэфа Емільянская. Неўзабаве Уладзіслаў наймаецца памочнікам да кухара таго ж Тышкевіча. Відаць, працавіты і кемлівы хлапчук кінуўся ў вочы самому графу. Бо праз колькі часу яго, ужо дзецюка, прызначаюць кухарам, а пасля, калі яму было каля трыццаці, ён становіцца аб’ездчыкам і, урэшце, нават ляснічым.

Кожны дзень Сівы-Сівіцкі конна аб’язджаў бясконцыя лясы графа, абшары Налібоцкай пушчы, судакранаючыся з прыродай ва ўсе поры года і ва ўсе часы сутак. Родныя краявіды цешылі сэрца, узнімалі настрой і абуджалі генетычныя здольнасці хараство наваколля пераплаўляць у вершаваныя радкі. Праца аб’ездчыка і ляснічага давала магчымасць глыбей спазнаваць і само жыццё: турботы і скупую радасць ваколічных сялян, мітусню засцянковай шляхты, панскія забавы, пыхлівую разбэшчанасць чыноўніцтва. Усё гэта папаўняла тэматыку вершаў і вершаваных аповедаў, клалася ў радкі, увасаблялася ў творах. Штодзённыя зносіны з дзясяткамі людзей насычалі лексікон Старога Уласа моўнымі самародкамі, узбагачалі яго памяць і ўяву пярлінамі беларускай вусна-паэтычнай творчасці.

Сяляне паважалі высокага, прыгожага, з акуратна падстрыжанымі вусамі і невялікай – клінам – бародкай ляснічага, які паводзіў сябе з імі як з роўнымі, спачуваў ім, нярэдка дапамагаў з дрывамі і лесаматэрыяламі, калі трэба было, то і заступаўся за іх перад начальствам. З сялянамі Сівы-Сівіцкі заўжды гаварыў па-беларуску, хоць выдатна ведаў рускую і польскую мовы, што выклікала насмешкі, а то і нараканні мясцовага панства і шляхты. Нават у роднай сям’і гэта лічылі своеасаблівым дзівацтвам, а то і здрадай “польскасці”. Сям’я Старога Уласа была каталіцкай, а многія тагачасныя беларусы, як вядома, змешвалі веру і нацыянальнасць. Сам жа паэт-ляснічы меў выразную нацыянальную самасвядомасць. У яго пашпарце ў адпаведных графах было запісана: рэлігія – “рыма-каталіцкая”, нацыянальнасць – “беларусін”…

Уладальнікі лясоў не давалі сваім службоўцам доўга затрымлівацца на адным месцы (згадаем хоць бы лёс лесніка Міхала, бацькі Якуба Коласа, апісаны ў “Новай зямлі”). У 1914 г. Сівога-Сівіцкага перавялі на службу пад Ашмяны (нейкі час жыў у Варнянах цяперашняга Астравецкага раёна). Праз колькі гадоў пераехаў з сям’ёй у Вільню, а ў неспакойным 1920 г. перабраўся ў Сужаны Немянчынскай гміны Віленскага павета. У 1934 г. за больш чым саракагадовую службу атрымаў ад графа Тышкевіча кавалак зямлі ў суседніх Шашэльгішках і тут на сваёй гаспадарцы дажыў апошнія гады. Памёр ад запалення лёгкіх 30 верасня 1939 г. Пахаваны на Сужанскіх могілках (цяпер у складзе Літвы).

Усё сваё жыццё Сівы-Сівіцкі цягнуўся да навукі, але не займеў не тое што вышэйшую, а нават закончаную сярэднюю адукацыю. Тым не менш настойлівая самаадукацыя і прыроджаны розум дазволілі яму авалодаць даволі глыбокімі і шырокімі ведамі.

Вячаслаў Рагойша,

доктар філалагічных навук,

прафесар БДУ

(Працяг будзе).



Добавить комментарий