Удзячная памяць нашчадкаў

Культура

Цікавае мерапрыемства, прысвечанае 130-годдзю з дня нараджэння настаўніка-патрыёта Васіля Рагеля, прайшло ў Дубінскім сельскім клубе. Яго наведалі вучні і настаўнікі Гародзькаўскага ВПК. Арганізатарамі выступілі работнікі культуры М. У. Чабай і Т. У. Каляда.

Афармленне навявала атмасферу далёкіх часоў: столік, засланы белым абрусам, на ім фотаздымкі настаўніка, яго дакументы, некаторыя каштоўныя рэчы і… запаленая свечка.

Прысутныя з увагай праслухалі аповед пра жыццёвы шлях мясцовага настаўніка, які належаў да партыі бальшавікоў, змагаўся з царскім самадзяржаўем і белапольскай акупацыяй, вылучаўся палітычнай актыўнасцю.

У час рэвалюцыі 1905-1907 гадоў В. Рагель разам са сваім калегам С. Сухадольцам прапагандавалі рэвалюцыйныя ідэі сярод сялян.

Ён адзін з першых з Забрэзскай воласці паступіў на Віленскія настаўніцкія курсы ў 1919 годзе. Васіль Рагель прыклаў шмат намаганняў, каб школу з беларускай мовай навучання адкрылі ў Дубіне, дзе працаваў і ведаў жаданне сялян вучыць дзяцей на роднай мове.

Нашчадкі захавалі каштоўныя дакументы, звязаныя з дзейнасцю бацькі і дзеда, фотаздымкі і светлую памяць пра настаўніка-патрыёта, які меў актыўную грамадзянскую пазіцыю. Школьнікаў уразілі факты з яго працоўнай дзейнасці і архіўныя дакументы, якія некалі перадала сям’і даследчык мовы, ураджэнка в. Гародзькі А. У. Саламевіч.

Перад гледачамі выступіла дачка настаўніка Любоў Васілеўна Рынкевіч, якая ўспомніла сваё маленства, расказала жыццёвыя гісторыі пра бацьку.

Святочнае мерапрыемства закончылася ў музеі, які размешчаны ў хаце, дзе калісьці жыў В. Рагель.

Настасся Саломка,

вучаніца Гародзькаўскага ВПК



Добавить комментарий