Наследнiца…

Культура

За два гады, што пражыла на кватэры, Вольга здружылася з гаспадыняй. І нават калі ў інтэрнаце выдзелілі месца, дзяўчына рашыла не перасяляцца. Гэтаму і гаспадыня абрадавалася, бо прывыкла да кватаранткі, як да роднага дзіцяці. Да таго ж Вольга, якая працавала медсястрой, ніколі не адмаўлялася ціск памераць, укол ці масаж зрабіць.

Яны абедзве, і пажылая, і маладая, апроч адна адной у жыцці нікога не мелі. Гаспадыня дзесяць гадоў назад страціла сына, які працаваў у Варкуце чыгуначнікам, а хутка пахавала і мужа. Вольга мела бацькоў, але расла пры іх сіратой: яны жыццём дачкі маглі пацікавіцца хіба што ў рэдкія дні выйсця з запою…

Не раз гаспадыня гаварыла суседкам аб намеры завяшчаць сваю двухпакаёўку гаротніцы Вользе. Усё збіралася пайсці да натарыуса, ды так і не паспела: раптоўны інсульт, потым поўная нерухомасць. Паўгода дзяўчына сумленна даглядала хворую, паштальёны аддавалі ёй гаспадыніну пенсію. А калі жанчына пакінула гэты свет, Вольга арганізавала як мае быць пахаванне.

Застаўшыся ў адзіноце, дзяўчына зрабіла касметычны рамонт, аплачвала ўсе камунальныя расходы, справіла па памёршай саракавіны. Гаворачы юрыдычнай мовай, Вольга фактычна ўступіла ў правы наследавання.

Ёсць людзі, на якіх, бы з дзіравага меху, сыплюцца толькі беды і выпрабаванні. Вольга адносіла сябе менавіта да гэтай кагорты. Але, здаецца, лёс нарэшце рашыў яе парадаваць: пасля візіту да адваката дзяўчыне растлумачылі, што яна можа стаць уладальніцай кватэры. Зацеплілася ў сэрцы надзея! Паверылася, што нейкая доля шчасця і ёй наканавана!

Сын гаспадыні перад тым, як паехаць у Варкуту, ажаніўся. Яго абранніца была шмат старэйшай, мела пятнаццацігадовую дачку і марыла перабрацца з вёскі ў горад. Свёкар і свякроў не гарэлі жаданнем дзяліць катэру з нявесткай, і маладым нічога не заставалася, як паехаць у свет на заробкі. Там у спраўнай нявесткі справы хутка пайшлі ўгору: уладкавалася ў чыгуначнае дэпо бухгалтарам. Купілі дачу, дзе, на дзіва ўсім, нават памідоры ў іх паспявалі. Вёрткую маладзіцу паўночныя мужчыны ўвагай не абміналі. І хутка жанчына падала на развод, бо падабрала сабе больш выгадную партыю. Кінуты муж пачаў з гора выпіваць, ды і трапіў пад цягнік. За некалькі месяцаў да разводу ён удачарыў падчарыцу, аб чым сваім бацькам не паведаміў.

Гэта дачка і “нарысавалася” перад Вольгай. Аказваецца, прыехаўшы з маці на радзіму пагасціць, яна выпадкова ўбачыла ў раённай газеце спачуванне з выпадку смерці былой сваячкі. Хутка скумекаўшы, што яшчэ не позна заявіць аб сваіх правах на кватэру, госця з поўначы развярнула бурную дзейнасць. Найперш рашыла агледзець кватэру – можа там нічога зайздроснага няма… Прысутнасць Вольгі агарошыла наследніцу. Яна не пераставала ўшчуваць кватарантку, што тая не паведаміла аб хваробе “найлюбімейшай” бабулі, аб даце пахавання.

Вольга спрабавала апраўдацца, але гэта ў яе дрэнна атрымлівалася. А папрокі ўнучкі толькі ўзрасталі. “Яшчэ невядома, ад чаго бабулечка злягла! Можа ты атруціла! Я буду патрабаваць эксгумацыі і даб’юся праўды! Бач якая – у чужым гняздзе гаспадарыць надумалася!..”

Несправядлівыя абвінавачванні хлясталі Вольгу па сэрцы. Суседзі, што выйшлі на пляцоўку, спрабавалі заступіцца. Хтосьці нават прапанаваў дзяўчатам падзяліць маёмасць, маўляў, гэта памёршай прыйшлося б па душы.

– Што значыць дзяліцца? – абурылася законная наследніца. – Хай лепш па-добраму прызнаецца, на што бабуліну пенсію траціла і дзе плата за пакой. Я даб’юся справядлівасці, я яе па судах зацягаю. Будзе ведаць, з кім звязалася…

А Вольга стаяла і не разумела, чаму так жорстка насміхаецца над ёй лёс. Чаму вось гэта багата апранутая дзяўчына так бязлітасна топча яе будучыню. Сорам ад уласнай бездапаможнасці адчувалі і суседзі.

І толькі наследніца ні ў чым не сумнявалася, бо ўсё па законе…

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий