Афрыканская чума свіней (АЧС) – небяспечная хвароба свойскіх і дзікіх свіней. Яна характарызуецца хуткім распаўсюджваннем, высокай ступенню смяротнасці.
Лекавыя прэпараты для прафілактыкі і лячэння дадзенага захворвання адсутнічаюць, таму гіне 100% хворых жывёл. Для чалавека афрыканская чума свіней не ўяўляе небяспекі.
Узбуджальнік афрыканскай чумы – ДНК-утрымвліваючы вірус – адрозніваецца вялікай устойлівасцю. У глебе ён можа захоўвацца да 180 дзён, у мясе да 5-6 месяцаў.
Асноўная крыніца ўзбуджальніка інфекцыі – хворыя свінні, якія вылучаюць вірус з мачой, калам і інш. Перадавацца захворванне здаровым свінням можа праз заражаныя вірусам корм, подсціл, гной, трупы і прадукты забою жывёл (мяса, кроў і інш.).
Варта ведаць, што найбольш часта да ўзнікнення АЧС прыводзіць скормліванне свінням харчовых адходаў з хатняй кухні, з розных харчаблокаў і сталовак, адходаў з бойняў, а таксама камбікармоў і зернепрадуктаў, вырабленых у заводскіх умовах, якія не прайшлі тэрмічную апрацоўку.
Клінічныя прыкметы АЧС
Інкубацыйны перыяд захворвання складае 2-7 дзён. У жывёл павялічваецца тэмпература цела да 42 градусаў, з’яўляюцца аддышка, кашаль, знікае апетыт, узмацняецца смага, адзначаюцца прыступы ванітаў і параліч задніх канечнасцей, на скуры ўнутранай паверхні сцёгнаў, на жываце, шыі, вушах, на “пятачку” і хвасце бачны чырвона-фіялетавыя плямы. Гібель жывёлы настае на 1-5 дзень. Магчымыя выпадкі раптоўнай гібелі свіней без выяўленых клінічных прыкмет хваробы.
Дыягназ афрыканскай чумы ставіцца комплексна на падставе эпізааталагічных даных, клінічных прыкмет, патолага- анатаміравання трупаў жывёлы і лабараторных даследаванняў біялагічнага матэрыялу.
Уладальнікам асабістых дапаможных гаспадарак, у якіх маецца свінапагалоўе, трэба выконваць шэраг рэкамендацый, якія дазволяць захаваць здароўе жывёл і пазбегнуць эканамічных страт:
– утрымліваць свіней неабходна толькі ў зачыненых памяшканнях, выгульнае ўтрыманне забараняецца;
– для догляду за жывёламі трэба выкарыстоўваць асобную спецвопратку і інвентар;
– нельга дапускаць кантакту свіней з іншымі жывёламі, птушкай і староннімі асобамі;
– для кармлення свіней выкарыстоўваць толькі камбікорм завадской вытворчасці;
– катэгарычна забараняецца выкарыстоўваць для кармлення харчовыя адходы, адходы забою свойскіх і дзікіх жывёл і камбікорм сумніўнай якасці, набыты ў прыватных асоб без этыкетак і адпаведнай маркіроўкі на ўпакоўках;
– пасля наведвання лесу, удзела ў паляванні ў абавязковым парадку змяніце адзенне, перш чым заходзіць у памяшканне, дзе ўтрымліваецца жывёла;
– важна рэгулярна праводзіць у хлявах дэзынфекцыю, наладзіць барацьбу з грызунамі і насякомымі;
– не ажыццяўляйце падворны забой і рэалізацыю свініны без правядзення предзабойнага агляду, важна рабіць ветэрынарна-санітарную экспертызу мяса і прадуктаў забою жывёлы спецыялістамі дзяржаўнай ветэрынарнай службы;
– не купляйце жывых свіней і мясную прадукцыю ў месцах несанкцыянаванага гандлю без ветэрынарных суправаджальных дакументаў;
– не завозьце свіней і прадукцыю свінагадоўлі з іншых рэгіёнаў без узгаднення з дзяржаўнай ветэрынарнай службай;
– не выкідвайце трупы жывёл, адходы ад іх утрымання і перапрацоўкі на звалкі, абочыны дарог і ў іншых месцах, даступных для жывёлы.
Пра выпадкі ўзнікнення падазроных захворванняў ці падзяжу свіней варта неадкладна паведаміць у раённую ветэрынарную станцыю. Ні ў якім разе нельга замоўчваць падзеж свіней і самастойна ўтылізаваць тушы!
Сяргей ШУПЕНЬКА,
галоўны ветурач раёна