Тэлефон міліцыі — 102

Закон и порядок

КРЫМІНАЛЬНАЯ КЕМЛІВАСЦЬ

Адразу некалькі крадзяжоў грошай з пластыкавых картак зафіксаваны ў раёне.

Згубленую картку “Белагрпрамбанка”  адшукаў дворнік на вуліцы і пашыбаваў з ёй у магазін. Разлічыцца за пакупкі атрымалася, але ўжо праз гадзіну яго затрымалі праваахоўнікі і прад’явілі абвінавачванне за растрату чужых грошай.

У жыхаркі Івянца з рахунка “прапалі” 100000 рублёў. Гэту суму ўдалося зняць двум навучэнцам Клецкага сельгасліцэя, якія пры дапамозе камп’ютара расшыфравалі код.

Найбольш пацярпеў пенсіянер з райцэнтра: з яго карткі “сплылі” адразу 700000 рублёў. Пошукі зламысніка вядуцца.

 

НЕНАДЗЕЙНАЯ СХОВАНКА

За дапамогай у РАУС звярнуўся жыхар Івянца, які выявіў, што яго абакралі.

Мужчына захоўваў свой аўтамабіль “ГАЗ-53” у пустуючым памяшканні па вуліцы Маладзёжнай. Неўстаноўленая асоба прабралася туды і забрала акумулятар, генератар, высакавольтныя правады, аўтамабільную праводку і іншую маёмасць.

 

ЯЗЫК… ЗА КРАТЫ ДАВЯДЗЕ

Тройчы за тыдзень даводзілася супрацоўнікам міліцыі наведвацца ў адну з вёсак Гародзькаўскага сельсавета. Сігналы падаваў адзін і той жа мужчына: то яму брат пагражае забойствам, то сусед бензапілу забраў і не аддае, то нехта паквапіўся на яго мабільны тэлефон…

Пасля высвялення ўсіх абставін “тэлефонны” хуліган быў папярэджаны аб адміністрацыйнай адказнасці за непраўдзівыя паведамленні. Аднак у хуткім часе ў дзяжурнай часці зноў раздаўся званок і знаёмы голас заявіў, што ў яго страляў участковы міліцыянер. Гэты факт не пацвердзіўся, а за лжывыя даносы мужчыну давядзецца панесці крымінальную адказнасць.

 

 

Мінулыя два тыдні аказаліся “ўрадлівымі” на розныя скандалы і сваркі. У Гародзьках муж збіў жонку. У Данілках мужчына з брытвай у руках ганяўся за сужыцелькай, жыхар Бабровічаў ніяк не мог выправадзіць з хаты няпрошанага госця. А ў Бакштах мірыць міліцыі давялося маці і дачку.

Падвыпіўшыя наведвальнікі рэстарана ў гасцініцы “Карона” спрабавалі ўчыніць бойку, але агрэсію спынілі своечасова прыбыўшыя праваахоўнікі. А вось у кафэ каля Руму нідзе не працуючая жыхарка Мінска атрымала ад субяседніка ўдар па твары такой моцы, што зламаўся нос… Хуліган затрыманы.

 

ЗАГРАБАСТЫЯ РУКІ

Што толькі не спакушае людзей, сквапных да чужога! У магазіне “Еўраопт” мужчына спрабаваў украсці бутэльку гарэлкі, у Івянцы з рукзака непаўналетняй дзяўчынкі выцягнулі кашалёк, дачнік са Старажоўшчыны недалічыўся некалькіх лістоў металачарапіцы, а ў жыхаркі з Рудзеўшчыны невядомыя забралі прадукты харчавання.

Вядуцца пошукі і тых, хто напрыканцы лютага ўзламаў дзверы, пранік у памяшканне малочнатаварнай фермы “Бомбалы”, зарэзаў там дваіх цялят і звёз мяса на аўтамабілі.

 

У АЛКАГОЛЬНЫМ ДУРМАНЕ

Некалькі жыхароў Валожына прызналіся праваахоўным органам, у каго набываюць самагонку. Збытчыкам несанкцыянаванай гарэлкі аказаўся мужчына, які ўжо не адзін раз трапляўся ў поле зроку міліцыі.

У аддзяленне рэанімацыі раённай бальніцы дастаўлена дваццацігадовая дзяўчына з прыкметамі атручэння алкагольным сурагатам.

Матэрыял да друку па міліцэйскіх

зводках падрыхтавала

Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий