Ён – сам народ

Культура

Да 150-годдзя з дня нараджэння Старога Уласа.

 (Працяг. Пачатак у № 19.)

Маючы за спінай усяго толькі аднакласнае валожынскае вучылішча, ён самавукам спасціг рускую і польскую грамату, усё жыццё пісаў каліграфічным почыркам, беларускай лацінкай і амаль без памылак. Абдзелены школьным навучаннем, імкнуўся даць асвету сваім і чужым дзецям. Ужо дарослы, аддаў пад прыватную пачатковую школу палову ўласнай хаты, у якой стала вучыць – дарэчы, на роднай беларускай мове – спецыяльна нанятая настаўніца. Але ўлады пад пагрозай закрыцця прымусілі перавесці выкладанне на рускую мову. У сваёй хаце сабраў даволі багатую бібліятэку з рускіх, польскіх і беларускіх кніжак, часопісаў і газет.

Усе дзеці Старога Уласа (а іх было васьмёра: чатыры сыны і чатыры дачкі) скончылі сярэднія навучальныя ўстановы, а двое – і вышэйшыя. Дзедаўскую цягу да навукі, да актыўнага грамадскага жыцця перанялі і ўнукі. Адзін з іх, Герард Уладзіслававіч Сівіцкі (дарэчы, нядаўна, 5 сакавіка, ён адзначыў сваё 80-годдзе), ужо ў пасляваеннай Беларусі атрымаў вышэйшую юрыдычную адукацыю, стаў генерал-маёрам міліцыі…

Паэт-самавук Стары Улас, як некалі і Янка Купала,  пачаў пісаць спачатку на “панскай”, польскай мове. Але выпадковая сустрэча ў 1906 г. з першымі легальнымі газетамі на беларускай мове “Наша Доля” і “Наша Ніва” расплюшчыла яму вочы і на ўласную нацыянальную прыналежнасць, і на працэс беларускага нацыянальнага адраджэння. З таго часу ён пачынае пісаць толькі па-беларуску, значна пашыраюцца ідэйна-тэматычныя і жанравыя абсягі яго творчасці. Друкуецца, у асноўным, у “Нашай Ніве”. Пісаў звычайна на золку, калі сямейнікі спалі, або ў святы і прысвяткі. Складаліся вершы і ў час шматлікіх працоўных вандровак па лясах і пералесках. Паступова складанне вершаў ператварылася ў прывычны штодзённы занятак, стала звычкай. Праўда,  на жаль, не заўсёды (асабліва ў канцы 1920-х – 1930-я гг.) гэты занятак апладняўся высокім статусам Паэзіі…

Як паэт Стары Улас пакінуў нам шэраг замалёвак прыроды цэнтральнай і  паўночна-заходняй Беларусі, якую ён як працаўнік лясной гаспадаркі добра ведаў і любіў. Перад намі – цэлы вершаваны беларускі каляндар: “Зімою”, “Вясна”, “Сонейка прыгрэла”, “Прамчаўся май”, “У дажджлівы час”, “Восень”… І вяршыня гэтага календара ­– паэма “Год беларуса” (1909), якая нагадвае “малюнкі родныя і з’явы” Якуба Коласа, паказаныя ў “Новай зямлі”. “Год беларуса” – своеасаблівая энцыклапедыя жыцця і працы дарэвалюцыйнага беларускага селяніна. Усе чатыры поры года – вясна, лета, восень і зіма – прадмет паэтычнага выяўлення ў паэме і фон, на якім узноўлена жыццё селяніна. Самыя розныя віды сялянскай працы апісаны ў творы: ворыва, пасеў, жніво, прадзіва кудзелі, тканне, паляванне, догляд скаціны, начлег з коньмі, нават няхітрыя грашовыя падзаробкі “на соль, на боты, // На мерку газы ці на фунт мазі”. Так, як і ў жыцці, – найперш цяжкая, але патрэбная праца (“Працуюць людзі, поту не чуюць…”, “Хоць залівае з працы пот вочы, // Кожны вясёлы, кожны ахвочы…”), паміж якой – кароткія ўцехі: вясковыя ігрышчы (“Пачнуць усе гуртам песенькі пеці, // Скачуць, гуляюць, крычаць, як дзеці…”), народныя абрады (“Ёсць маладзіца, дык мой ты браце, // Ну, дык снапшчыну тады спраўляці, // А ўсе жнейкі гулянкі маюць…”).

Стары Улас услаўляў працу як аснову людского агульнажыцця, і не толькі ў “Годзе беларуса”. З мяккім гумарам, а то і са здзеклівай усмешкай (яго можна назваць і паэтам-гумарыстам) ён выкрываў асобныя чалавечыя заганы: гультайства (“Спрытны адказ”), п’янства (“Прыгавор”), залішнюю даверлівасць простых сялян (“Праўда”), казнакрадства розных службоўцаў (“Гдзе бярозы расахаты…”), сваркі паміж суседзямі, хабарніцтва судовых работнікаў (“Суд”), самадурства паноў (“Іголка”), сквапнасць ксяндзоў (“Легенда і праўда”), ілжывасць папоў (“Патрапіла каса на камень”)…

Вячаслаў Рагойша,

доктар філалагічных навук,

прафесар БДУ

(Працяг будзе.)



Добавить комментарий