На каго наракаць, калi ў старасцi стаў чужым…

Культура

Пачну сваю заметку з наступнай жыццёвай рэпрызы. Маладая жанчына, бачна было, некуды вельмі спяшалася. Таму свайго сына перадала бабулі пад часовую апеку. Хлопчык капрызнічаў, упарта вырываўся з рук, не хацеў расставацца з матуляй, як не старалася бабуля прыгалубіць яго, пераключыць увагу малога на іншыя прадметы. Плач чатырохгадовага Максімкі моцнымі дэцыбеламі сатрасаў паветра. Пажылыя кабеты, якія з цікавасцю назіралі за гэтай жыццёвай сітуацыяй, не прамінулі, каб іранічна не пракаментаваць убачанае: “Вот жа гэтыя дзеткі! Як малыя, дык ад мамкі іх не адарваць. Галосяць, аж заходзяцца! А калі вырастуць, то многія старэнькую мамку падкідаюць нагамі, нібы мячык. Нікому ўжо яна не патрэбная. І цяпер ужо плача яна, а не сын ці дачка…”

Пэўная доля праўды і сапраўды ёсць у           гэтай ацэнцы. У аддзел рэкламы рэдак            цыі раёнкі прыходзіць нямала пажылых людзей.

Многія з іх адзінокія, самотныя людзі. Звычайна яны даюць аб’яўку, каб збыць кароўку, каня. Бо сіл на гаспадарку ўжо не стае. І, здараецца, міжволі выліваюць супрацоўнікам рэдакцыі свой сардэчны боль. Нібы хочуць назаўсёды выслабаніцца ад цяжкай ношы сваіх унутраных перажыванняў. Іх сэрцу балюча! Бо пакрыўдзілі бацькоў родныя дзеці… А рана ад сваіх людзей заўсёды пякучая і глыбокая, яна ніяк не хоча зажываць.

…Меў Віктар дзве дачкі. Яны і цяпер жывуць. Але выракліся роднага бацькі, таму і гаворыць пра іх гэты стары чалавек ужо ў мінулым часе. Сем гадоў, як памерла жонка. На пахаванне Надзея і Ларыса, праўда, прыязджалі. Аднак з той пары нават на Радаўніцу на магілку маці так ніколі і не наведаліся. Хоць жывуць у Мінску.

“Так проста раўнадушша не ўзнікае! Тым больш, што Вашы дочкі маюць вышэйшую адукацыю, усё жыццё былі на добрых пасадах. Напэўна, Вы іх нечым вельмі пакрыўдзілі? Можа, у дзяцінстве білі, строга каралі за правіны і непаслушэнства?” – спрабуем разабрацца мы ў гэтым канфлікце, слухаючы аповед нашага чарговага наведвальніка. Ён аж за дзесяць кіламетраў прыехаў у рэдакцыю на веласіпедзе, каб затым прасцей было дабрацца дадому, бо пасажырскія аўтобусы па тым маршруце ходзяць рэдка.

“Ды што Вы! Ні разу не прыкрыкнуў, ні разу дзягі ў рукі не ўзяў, каб хоць папалохаць дзяцей. Шанаваў сваіх дзяўчат! І жонку таксама бярог. Яны ніколі нават бульбу не капалі. Заўсёды восенню талаку ў вёсцы збіраў. Ніколі, калі наступала чарга пасвіць кароў, яны не займаліся гэтым. Спецыяльна наймаў людзей. Адплачваў памагатым харчамі і рублём. Брыдка мне ўспамінаць і пра тое, што калі малодшая дачка замуж выйшла, то новая радня і суседзі свекрыві смяяліся, што нявестка-вяскоўка не ўмее нават карову даіць…” – дае волю сваім эмоцыям мужчына пачцівага ўзросту.

I сорам, і боль, і крыўда, несуцешны адчай нахлынулі на яго ў тыя хвіліны горкага прызнання. Мужчына рэзка зняў з галавы змакрэлую ад дажджу зімовую шапку-вушанку і кінуў на падлогу. Замітусіўся, затупаў нагамі, нібы хацеў патаптаць вострыя калючкі, якія буялі на нябачным полі выхавання яго дзяцей. Доўга і падрабязна расказваў стары, як ён гараваў у адзіноце, калі неспадзявана памерла жонка. Вялікую гаспадарку няскора асмеліўся збыць. Доўгі час яшчэ трымаў каня, карову, качак, індыкоў, кабаноў. Ён любіў, калі на падворку ўсяго многа. Ніколі не шкадаваў сябе ў працы. Жонка пераважна кухарыла. А ён займаўся цяжкай фізічнай працай. А калі другой палавінкі не стала, то звычайнага супу зварыць не ўмеў. Дочкі ніколі не цікавіліся, ці ёсць што ў бацькі ў халадзільніку. Калі б не званіў сам, не напамінаў, што трэба прыехаць дадому, то пра яго ніхто і не ўспомніў бы. Малодшая  дачка з цягам часу з вёскі таксама перабралася ў сталіцу. Яна нават нумар тэлефона змяніла, каб бацька не дакучаў званкамі.

Застаўшыся ўдаўцом, дзядзька Віктар пачаў падумваць пра пошук сваёй другой па        лавінкі. Яна знайшлася ў суседняй вёсцы.

Былая пагарэліца. Жанчына была і сама рада займець любы прыстанак пад надзейным дахам. Спачатку прыходзіла зрэдку і кухарыла, прыбірала ў хаце, а потым і парадніліся. Толькі кадзіраваная яна была, праз год запіваць пачала. Рэчы з дому сталі паціху знікаць, атрыманую пенсію таксама прыйшлося хаваць у надзейным месцы. Таму неўзабаве Віктар з ёй развітаўся назаўсёды.

Жыццё старога адзінокага чалавека ў вёсцы больш гаротнае, чым у горадзе. У Віктара была магчымасць дажываць свой век у камфортных умовах. Ён не стаў ад нас утойваць інфармацыю, што некалі з жонкай спецыяльна схітрылі і развяліся, каб пабудаваць “ад яе работы” кватэру ў Валожыне. Спадзяваліся, што на старасці ім тут будзе камфортны прытулак. У гарадской кватэры Віктар нейкі час і свае рэчы захоўваў. А пасля смерці жонкі родныя дочкі пачалі афармляць права на спадчыну. Сабралі ўвесь “бацькаў пасаг” з той кватэры і прывезлі ў вёску з такой прыпавесцю: “Ты нам па дакументах чужы! Кватэру прадаём. А табе аднаму і ў гэтай хаце месца хопіць!”. Так з нечаканасцю для бацькі “разрулілі” яны сітуацыю. Яго аргументы ніхто і не слухаў. Доўга хварэў ён у той няпросты год.

А калі ачуняў, зноў з галавой акунуўся ў працу. Развёў вялікую  гаспадарку. Прыязджаць да             бацькі за мясам, яйкамі ды бульбай дочкі ўжо не асмельваліся. Таму лішняе прадаваў. Не раз да дзядзькі Віктара купіць свежаніну наведваўся “добры чалавек” з Маладзечна. За прапанаваны тавар ніколі не таргаваўся ў цане. Наадварот, сам не супраць быў парадаваць адзінокага вяскоўца: прадуктаў заўсёды цэлую сумку напакуе, лекі, калі трэба, прывязе. Па гаспадарцы па-сыноўску дапаможа. Неўзабаве “прыклеілася” сэрца старога да гэтага спагадлівага чалавека. Нават стаў апошнім часам падумваць, каб усю сваю сціплую спадчыну менавіта яму і завяшчаць. Але душу ўсё ж гняце сумленне: “Родныя ж дочкі жывуць у Мінску. Як жа іх пакрыўдзіць?! Можа, з імі яшчэ і паміруся…”

Аднойчы асмеліўся і дрыжачай рукой набраў нумар мабільнага тэлефона дачкі Ларысы. Папрасіў, каб забрала яго хоць на зіму ў сваю мінскую кватэру. Тым больш, што яна ўжо і сама даўно на пенсіі. Унукі жывуць асобна. Але знаёмы голас у чарговы раз раніў бацьку меркантыльнай практычнасцю: “Кватэру я здаю за вельмі добрыя грошы. А сама жыву ў знаёмага мужчыны. Таму варыянт з пераездам адпадае назаўсёды!”.

Болем  тыя словы разанулі сэрца, але і ўцеха            была таксама – голас роднага дзіцяці пачуў пасля столькіх месяцаў разлукі…

«Чаго так несправядліва ўсё склалася ў жыцці?» – перапытвае сам у сябе гэты мужчына. І сам сабе прылюдна адказвае: “Відаць, таму, што сваіх любімых дзяцей я, на жаль, ніколі не прыціскаў да работы, а залішне балаваў іх, песціў. І да глыбокай старасці жылы рваў, каб спаўна дапамагчы ім”.

“Не прыціскаў да работы!” – усё паўтараў і паўтараў ён гэту выснову, нібы выводзячы новую формулу сучаснага жыцця, што не ўсе дзеткі, аказваецца, здольныя ўвагай і падтрымкай адплаціць за дабро і клопат, якімі некалі шчодра надзялялі бацькі сваіх крывіначак.

“Што ў дзяцінстве, маладосці ў дзетках выхаваеш, на тое ў сваёй старасці і  абапрэшся”, – мудра казалі нашы продкі. Кожнаму выпадае свая доля. Абапрэшся на чэрствасць – не ўтрымаешся на гэтай грэшнай зямлі…

 Ірына ПАШКЕВІЧ,

фота з інтэрнэт-рэсурсаў



Добавить комментарий