Залатая галава

Молодежный курьер

Валасы спрадвеку лічыліся носьбітам жыццёвай моцы, ім прыпісвалася містычная сіла. Успомнім біблейскага волата Самсона. Ён быў непераможны, пакуль падчас сну каварна не абстрыглі яго раскошную шавялюру.

Навукоўцамі ўстаноўлена, што валасы чалавека ўтрымліваюць да 40 хімічных элементаў: медзь, марганец, натрый, бром, цынк, нават серабро і золата! Але валасы, на няшчасце прамыслоўцаў, растуць не так хутка, каб здабываць з іх карысныя выкапні. Аднак, сапраўднае багацце ўсё ж хаваецца не ў валасах…

Шасцігадовы Саша БАШАРКЕВІЧ з Валожына сярод сваіх аднагодкаў-хлапчукоў вылучаецца незвычайнай прычоскай.

З першых вуснаў:

– Калі мой тата быў маленькім, у яго таксама была кучаравая галава. Такая прычоска многіх здзіўляе. Вось толькі Аня Бекіш з садзіка, якая мне падабаецца, мала ўвагі на мяне звяртае. А я нават спрабаваў рабіць фізкультуру з гантэлямі… Усе дзяўчынкі “прыстаюць” да Ягора. Чаму, не ведаю? Нават Ягор не ведае.

Тата прымушае нас з братам весці спартыўны лад жыцця, каб стаць сапраўднымі асілкамі, як ён. Тата працуе камандзірам Сакаўшчынскага аддзялення МНС.

Я люблю маляваць, ляпіць і што-небудзь выразаць, але мару стаць дэсантнікам. Яшчэ мне падабаюцца хатнія гадаванцы. Бацькі абяцалі, што купяць кацянё.

Наша сям’я жыве ў 3-пакаёвай кватэры. Мама працуе ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Брат Ваня, якому 14 гадоў, вучыцца ў гімназіі. Дома спачатку за камп’ютар садзіцца, а потым урокі робіць. У нас з ім агульны пакой, спім на двух’ярусным ложку. Жывём дружна. Дазваляю яму карыстацца маім планшэтам, які мне тата на Дзень нараджэння падарыў.

З татам часта гуляем у лега. Зімой катаемся на каньках, ездзім у боўлінг-клуб. Калі пацяплее, сяду на ровар, а таксама буду “ганяць” у футбол.

Бацькі часам падарожнічаюць па цікавых месцах Беларусі і нас з сабой бяруць. Летам збіраем грыбы, дыхаем свежым паветрам. Часта адпачываем у палатках, асабліва нам падабаецца з начлегам. Тата вучыць правільна ставіць палатку, робім шашлыкі, варым юшку, гуляем у валейбол.

А ў бабулі ў вёсцы мы з братам не толькі адпачываем, але і працуем: падмятаем двор, кормім курэй, сабаку і катоў, паліваем агарод. Калі тата рамантуе трактар ці машыну, мы часам яму дапамагаем. Нас бяруць і сена для каровы нарыхтоўваць, і ўраджай збіраць.



Добавить комментарий