Кожнаму знойдзецца праца!

Закон и порядок

На Міншчыне стартаваў месячнік па навядзенні парадку на зямлі, добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторый.

На пастаянным кантролі мясцовай улады знаходзіцца гэта пытанне і на Валожыншчыне. Пасля працяглай зімы сезон уборкі тэрыторыі, азелянення заўсёды самы напружаны і аб’ёмны па запланаваных  работах. Таму ў гэту акцыю ўключаюцца не толькі прадпрыемствы, арганізацыі, работнікі камунальнай, землеўпарадчай, санітарнай службаў. Важна, каб праявілі актыўнасць і грамадзяне, члены садаводчых таварыстваў.

Адна з асноўных задач – ліквідацыя несанкцыянаваных звалак, уборка прыдарожных палос, вуліц, прыдамавых і ведамасных тэрыторый, гаражных кааператываў, а таксама могільнікаў.  У час уборкі смецця, розных адходаў важна строга захоўваць і меры супрацьпажарнай бяспекі! Асабліва паблізу лясных масіваў, у населеных пунктах.

Як і ў папярэднія гады гэтай вясной у раёне будзе працягвацца мэтанакіраваная работа па зносу старых пабудоў, па рэкультывацыі зямельных участкаў і інш.

Першы этап добраўпарадкавання ўжо завяршыўся ў нашым раёне на мінулым тыдні. Населеныя пункты прыкметна пачысцелі. Веснавая акцыя добраўпарадкавання мае перманентны характар. Кожны тыдзень трэба нам усім клапаціцца, каб у раёне шырыліся санітарная культура, узорны парадак. Добры плён прынясуць і Адзіныя санітарныя дні.

Асаблівая ўвага надаецца добраўпарадкаванню мемарыялаў, помнікаў, гістарычных мясцін, бо наперадзе нас чакае слаўны юбілей Вялікай Перамогі.

У месячнік, які будзе доўжыцца да канца красавіка, павінен сваю пасільную лепту ўнесці кожны жыхар раёна. Азірніцеся навокал – ёсць куды прыкласці руплівыя рукі!

Наш кар.



Добавить комментарий