Пал сухастою пад забаронай

Закон и порядок

З надыходам цёплага надвор’я дачнікі і жыхары сельскай мясцовасці распачынаюць падрыхтоўку да новага сезона сельскагаспадарчых работ. І, як правіла, у такі перыяд пачашчаюцца пажары, выкліканыя спробай спаліць смецце, сухую леташнюю траву. Летась было зафіксавана 85 выпадкаў узгарання.

Раённае аддзяленне па надзвычайных сітуацыях напамінае, што сухую расліннасць, смецце з палеткаў паліць катэгарычна забаронена! Ад парываў ветру полымя можа распаўсюджвацца з хуткасцю да 1 метра ў секунду.

Ігнараванне гэтага правіла можа дорага каштаваць. За выпальванне сухой расліннасці прадугледжана адміністрацыйная адказнасць па артыкуле 15.57 з пакараннем штрафам у памеры ад 10 да 40 базавых велічынь.

Згодна з правіламі пажарнай бяспекі Рэспублікі Беларусь дапускаецца развядзенне кастроў на адлегласці не менш як 10 метраў ад будынкаў ці 20 метраў ад лясных масіваў. Размяшчаць спецыяльныя прыстасаванні для прыгатавання ежы на агні неабходна на адлегласці не менш чым 4 метры ад забудоў.

 

ПАВОДКА ПРАЙШЛА СПАКОЙНА

З надыходам вясны выратавальнікі рыхтуюцца да паводкі. Усе падраздзяленні трымаюць напагатове спецыяльную тэхніку. Найбольш праблем талыя воды прыносяць у нізкія мясціны, а таксама ў тыя населеныя пункты, якія размяшчаюцца блізка ад рэк і вадаёмаў. Часта выратавальнікам даводзіцца адпампоўваць ваду не толькі са скляпоў, але і з дамоў у Сакаўшчыне, Замасцянах, Бунях.

Сёлетняя зіма не вызначалася “вялікім” снегам, таму пачатак вясенняга сезона аказаўся для работнікаў РАНС спакойным.

 

 ПА ТРЫВОЖНЫМ СІГНАЛЕ

З пачатку года брыгады выратавальнікаў выязджалі па трывозе адзінаццаць разоў.

Найчасцей службу “101” жыхары выклікалі па прычыне ўзгаранняў, якіх ужо  сёлета адбылося 9. Двойчы работнікі РАНС спяшаліся на дапамогу пацярпелым у час дарожна-транспартных здарэнняў у Маршалках і на трасе Мінск-Гродна.

 

ТРАПІЛІ Ў ПОЛЕ ЗРОКУ

Не сакрэт, што некаторыя жыхары, асабліва тыя, хто пражывае ў індывідуальных дамах, часам ігнаруюць супрацьпажарныя правілы.

Гэта датычыцца пячнога ацяплення, стану электраправодкі. Нядаўна на тэрыторыі раёна работнікі РАНС правялі  рэйд, падчас якога праверылі на пажарную бяспеку прыватны сектар. Было складзена 65 пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях. Агульная сума накладзеных штрафаў складае амаль два мільёны рублёў.



Добавить комментарий