Калейдаскоп Фактаў

Общество

Білетны ажыятаж назіраўся ў касе раённага Цэнтра культуры задоўга да дня канцэрта народных артыстаў Беларусі Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча. На 17 сакавіка з 237 білетаў у продажы засталося толькі 3. Таму ў зале на 200 месцаў з’явяцца незапланаваныя прыстаўныя крэслы. Білеты набывалі не толькі прыватныя асобы, але і арганізацыі. Ад прафсаюза 31 месца забраніравала райспажыўтаварыства, 20 – райаграпрамтэхніка, 15 – ААТ “ПМК-188”. Бясплатныя квіткі для сваіх працаўнікоў набылі раённы камбінат бытавога абслугоўвання, Валожынскі філіял ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат”. 13 жыхароў з вёскі Бабровічы і 25 – з Дубіны прыедуць на музычны вечар калектыўна. Канцэрт беларускай зорнай пары, які абяцае жывы гук, пройдзе 24 сакавіка на сцэне Валожынскага РЦК.

На мінулым тыдні працоўны дэсант з работнікаў культуры раёна “высадзіўся” ў Люцінцы.

10 чалавек з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы па культуры і справах моладзі В.М. Адамовічам наводзілі тут парадак. Асаблівая ўвага была ўдзелена добраўпарадкаванню магілы беларускага дудара Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ў вёсцы Тупальшчына.

У параўнанні з сакавіком мінулага года колькасць зарэгістраваных беспрацоўных у раёне вырасла амаль у тры разы і зараз складае 56 чалавек. Свабодных вакансій летась было 200, а сёлета ўсяго 90. Найбольшы дэфіцыт кадраў адчуваецца ў сельскай гаспадарцы.

Як паведамілі ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, станавіцца на ўлік па беспрацоўі людзей прымушае пагроза адказнасці перад новым законам аб дармаедах.

На вёску Вайнілаўшчына Пяршайскага сельсавета накладзены каранцін тэрмінам на два месяцы. Населены пункт прызнаны небяспечнай зонай па захворванні на шаленства. Ветэкспертыза, праведзеная Мінскай аблветлабараторыяй, пацвердзіла: ліса, якая завітала ў ваколіцу, была носьбітам інфекцыйнага захворвання. Каб не дапусціць распаўсюджвання каварнага віруса, кампетэнтным арганізацыям даручана правесці вакцынацыю сабак і катоў, якія належаць мясцовым жыхарам, у прылеглым лясным масіве адстрэльваць дзікіх і бадзяжных жывёл, якія падазраюцца ў небяспечным захворванні.



Добавить комментарий