Важнасць грамадскай думкi

Закон и порядок

Валожынскі РАУС двойчы ў  год праводзіць маніторынг па вывучэнню грамадскай думкі наконт сваёй работы.

Ажыцяўлялася ў лютым 2015 года. Колькасць грамадзян, якія цалкам давяраюць міліцыі, склала 32,9 працэнта, што на 0,4 працэнта ніжэй, чым падчас папярэдняга апытання. Поўны недавер супрацоўнікам аддзела выказалі 10 працэнтаў апытаных. Гэта лічба ў параўнанні з мінулымі гадамі павялічылася на 3 працэнты.

Многія з грамадзян выказалі незадаволенасць якасцю разглядаў іх скаргаў, указваюць на фармалізм, раўнадушша і пасіўнасць у рабоце міліцыянераў. Як вынік, панізілася і гатоўнасць жыхароў раёна аказваць садзейнічанне праваахоўнікам у барацьбе са злачыннасцю. Калі летась дапамогу гатовы былі аказваць 76,6 працэнта апытаных, то зараз толькі 59,4 працэнта. Здалі пазіцыі і такія характарыстыкі, як аператыўнасць рэагавання міліцэйскіх нарадаў на паведамленні аб правапарушэннях, аказанне дапамогі тым, хто мае ў ёй патрэбу, эфектыўнасць барацьбы з алкагалізмам і самагонаварэннем, прафілактычная работа сярод непаўналетніх.

Гэта сігнал для нас узмоцніць работу з асабовым саставам, працаваць над павышэннем рэйтынгу міліцыі. Пачынаць неабходна з таго, на што ўказалі нашы рэспандэнты. У прыватнасці, на вышэйшы ўзровень падымецца патруляванне грамадскіх месцаў нарадамі міліцыі. Факты распіцця спіртных напояў на аўтавакзале ў вёсцы Ракаў, каля рэстарана “Іслач” у Валожыне будуць выкараняцца, а жыхары кватэры № 2 дома № 5 па вуліцы Саўгаснай у Ракаве, якія пастаянна рэалізуюць алкагольную прадукцыю, трапяць пад пільны кантроль.

Службе ДАІ неабходна з большай увагай сачыць за хуткасным рэжымам аўтатранспарту ў Валожыне, Ракаве, Адамове, Брыльках, Івянцы, а таксама выяўляць тых, хто садзіцца за руль нападпітку.

Вялікую ролю ў забеспячэнні станоўчай абстаноўкі на дарогах адыгрывае стан саміх дарог. Добраўпарадкаваць давядзецца многія ўчасткі. Так, неабходна стварыць нерэгуляваны пешаходны пераход на плошчы Свабоды  каля ўніверсама “Ракаўскі”, адрамантаваць дарожнае пакрыццё па вуліцы Юбілейнай у Ракаве. Даўно патрэбен пешаходны пераход у Брыльках насупраць магазіна і “спячы паліцэйскі” для запавольвання руху аўтатранспарту. У новым мікрараёне вёскі Паморшчына патрабуюцца тратуары, пешаходныя пераходы. Ад санаторыя “Іслач” да Ракава неабходна пракласці веласіпедныя дарожкі.

Не павінны выпадаць з поля зроку супрацоўнікаў міліцыі індывідуальныя прадпрымальнікі з ліку перавозчыкаў, якія займаюцца незаконнай рэалізацыяй алкаголю. Больш увагі з боку праваахоўных органаў патрабуецца да бацькоў, чые непаўналетнія дзеці часта бываюць заўважаны пасля 23 гадзін на вуліцы. Асабліва гэта датычыцца тых грамадзян, якія пражываюць у Валожыне і Ракаве.

Актывізаваць сваю работу давядзецца і ўчастковым інспектарам міліцыі. Ім неабходна часцей сустракацца з жыхарамі сваіх участкаў, наведваць школы і працоўныя калектывы, займацца інфармацыйнай і асветніцкай работай. У адпаведнасці з патрабаваннямі загада Міністэрства ўнутраных спраў № 67 ад 4 сакавіка 2013 года ўвесь асабовы састаў  РАУС будзе ўдзяляць вялікую ўвагу засваенню правілаў прафесіянальнай этыкі, асабліва ў частцы культуры зносін з грамадзянамі.

Ігар ШАКУН,

начальнік РАУС,

палкоўнік міліцыі



Добавить комментарий