Унук-генерал пра дзеда прыгадаў..

Официально

Святочнае мерапрыемства з нагоды 150-годдзя паэта-самавука з Валожына Уладзіслава Сівога-Сівіцкага, вядомага знаўцам літаратуры пад псеўданімам Стары Улас, прайшло ў раённым Цэнтры культуры. На ўрачыстасць прыехалі шмат гасцей, сярод якіх былі доктар філалагічных навук, прафесар БДУ Вячаслаў Рагойша, унук нашага слыннага земляка, генерал-маёр МУС у адстаўцы Герард Сівіцкі са сваім сынам Аляксандрам (на здымку), вядомы фотажурналіст Яўген Пясецкі і іншыя.

Валожынскіх школьнікаў і больш сталую публіку, якой багата было ў зале, прывітала кіраўнік народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” РЦК Валянціна Гіруць-Русакевіч. Яна ж і адкрыла першую старонку маючай адбыцца дзеі, запрасіўшы на сцэну шаноўнага прафесара Вячаслава Рагойшу, які першым, і дарэчы, адзіным з навукоўцаў, сабраў у адно цэлае творчую спадчыну Старога Уласа. Кніга выйшла ў 1990 годзе. Вячаслаў Пятровіч трохі расказаў прысутным, колькі трэба было ўзняць архіваў, адшукаць старых газетных падшывак, каб вершы нарэшце ўбачылі свет. Прыгадаў ён і некалькі фактаў з біяграфіі Уладзіслава Сівога-Сівіцкага. «Сяляне паважалі высокага, прыгожага, з вусамі і невялікай бародкай ляснічага, які паводзіў сябе з імі як з роўнымі, спачуваў ім, дапамагаў лесам, заступаўся за іх, калі трэба было, перад самім графам», – расказваў В. П. Рагойша. А чаго варты адзін толькі факт, што гэты надзвычай моцны духам чалавек нават свой пашпарт адмаўляўся забіраць, пакуль польскія ўлады ў графе “нацыянальнасць” не напісалі “беларусін”!.. Доктар філалагічных навук падзяліўся сакрэтам, што з вялікай верагоднасцю ўжо ў бягучым годзе кніга творчасці валожынскага паэта будзе перавыдадзена. А затым з задавальненнем прадставіў зале унука Старога Уласа – Герарда Сівіцкага, перадаў слова яму.

Першае, надзвычай прыемнае ўражанне пра генерал-маёра склалася дзякуючы яго… чыстаму беларускаму маўленню! Не менш каштоўнымі былі і яго ўспаміны. Як і дзед, у малым узросце асірацеў, усяго ў жыцці дасягаў сам. Працаваў на адказных пасадах, выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, з’яўляўся намеснікам старшыні камісіі па заканадаўстве… А перад вачамі ўвесь час быў прыклад дзеда. “Недзе пасля вайны, ці то ў 1947-м, ці то ў 1948-м годзе, пабачыў свет чарговы выпуск аднаго з грунтоўнейшых выданняў па гісторыі беларускай літаратуры, – узгадваў Герард Уладзіслававіч. – І там прысутнічаў добры абзац пра творчы шлях Старога Уласа. Адзначалася, што Уладзіслаў Сівы-Сівіцкі не проста быў паэт-самавук, а ён стаяў ля вытокаў беларускай літаратуры, быў аўтарам некалькіх цікавых вершаваных апавяданняў, якія добрым словам згадваў Максім Гарэцкі. І вось тады я ўсвядоміў, што з’яўляюся ўнукам вядомага чалавека. Але ж Стары Улас пра рэвалюцыю не пісаў, таму доўгі час і заставаўся па-за шырокай увагай афіцыйнага літатуразнаўства”. Са слоў генерал-маёра, усе сваякі ставяцца да асобы дзеда вельмі паважліва. І ўдзячны райвыканкаму, аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, народнаму літаратурна-мастацкаму аб’яднанню «Рунь» за ініцыятыву і захаванне памяці пра Старога Уласа – пра гэта ўжо, звяртаючыся да прысутных, казаў праўнук валожынскага паэта Аляксандр Герардавіч.

У час мерапрыемства чыталіся вершы Старога Уласа, гучалі літаратурныя кампазіцыі ў выкананні школьнікаў, песні. Ушанаванне памяці земляка працягнулася і каля дома, дзе жыў Стары Улас: сваякі наведаліся туды з задавальненнем, усклалі кветкі да мемарыяльнай шыльды.

Сяргей САДОЎСКІ,

фота аўтара



Добавить комментарий