Ён – сам народ

Культура

Да 150-годдзя з дня

нараджэння Старога Уласа.

 

(Заканчэнне. Пачатак у №№ 19, 20)

Нярэдка паэт звяртаўся да народных паданняў, легенд (“Курган”, “Кумавы Магілы”, “Цікавы” і інш.). Але і тут яго цікавілі не легендарныя падзеі самі па сабе, а іх здаровая маральная падаснова.

Уяўленне пра Старога Уласа як літаратара і чалавека пэўным чынам пашырае яго публіцыстычная творчасць, увасобленая, галоўным чынам, у допісах у “Нашу Ніву”. Пра што ён пісаў? Пра надвор’е і ўраджаі, пажары і самагубствы, п’янства і абыякавыя адносіны да продкаў, іхніх магіл, факты зладзейства і падману, рыначныя цэны, бытавыя здарэнні… З гэтых допісаў выразна бачыцца спагада пісьменніка да чужога гора, чужой бяды, яго паважлівае стаўленне да прадстаўнікоў іншых народаў, да бедных і неадукаваных сялян. Ужо самі назвы асобных допісаў – па-народнаму дасціпныя, дакладныя, афарыстычныя – шмат што гавораць і пра літаратурныя здольнасці валожынскага карэспандэнта, і пра сутнасць напісанага: “Думаем – за морам, а смерць – за плячыма”, “Служы пану верна, а ён нос адверне”, “Праспаў бядак ногі”, “Бядуй не бядуй, а за працу бярыся”, “Кепскае тое ігрышча, дзе кулак свішча”, “П’юць, п’юць і душу прадаюць”, “Канец света, бо не ўскрэсла прасвета”…

Пра Старога Уласа, які “не толькі “з народа”, але і “сам народ” (М. Гарэцкі), не забыліся ў яго родным куце, на Валожыншчыне. У раённым цэнтры дагэтуль стаіць родная хата пісьменніка з мемарыяльнай шыльдай, адкрытай яшчэ ў 1986 г. Яго літаратурныя нашчадкі – сябры раённага літаратурнага аб’яднання “Рунь” – прысвячаюць яму вершы. А мясцовыя школьнікі на розных літаратурных вечарынах дэкламуюць творы, што ўвайшлі ў адзіны пакуль што зборнік Старога Уласа “Год беларуса” (1990).

Слоўца адно, а часам другое,

Сказана мудра, у пору,

Душу адсвежыць, мысль заспакоіць,

Як бы адверне з плеч гору.

Вячаслаў Рагойша,

доктар філалагічных навук,

прафесар БДУ



Добавить комментарий