Захапленне на ўсё жыццё

Культура

У выставачнай зале народнага аб’яднання майстроў “Скарбніца” ў Валожыне праходзіць выстава вышыўкі “Жывыя фарбы нітак”. На ёй прадстаўлены работы Н. Н. Голуб з Пяршаяў.

Мноства вышываных ручнікоў, сурвэтак, фіранак, навалочак, накідак на падушкі, размешчаных на выставе, — толькі частка работ Надзеі Нікіфараўны. Як сама кажа, яе вышыванкамі можна было б выслаць усю дарогу ад Пяршаяў да Валожына, бо ў хаце вышыта ўсё, што можна вышыць.

Свядомаму чалавеку адразу кідаецца ў вочы, што стыль яе вышыўкі не характэрны для Валожынскага раёна. Н. Н. Голуб гэта тлумачыць тым, што большая частка яе жыцця звязана з Любанскім раёнам. Пераезд на Валожыншчыну быў вымушаным і звязаны з хваробай дачкі.

Шануе Надзея Нікіфараўна ручнік, які яна пад кіраўніцтвам матулі вучылася вышываць крыжыкам. Беражэ саматканы ручнік. Гэта адзіная рэч, якая засталася з некалі вытканых ёй. Амаль усе работы ўпрыгожаны карункамі. Як і іголкай, жанчына віртуозна валодае шыдэлкам. Карункі-павуцінкі не паўтараюцца ні ў адной рабоце. Яркія колеры ружаў, васількоў, макаў і іншых кветак радуюць вока. Надзея Нікіфараўна прызнаецца, што з усіх кветак больш за ўсё любіць васількі, і ў вышыўцы яны атрымоўваюцца ў яе вельмі прыгожымі. Дарэчы, узоры для сваіх работ вышывальшчыца брала і бярэ са старых часопісаў “Работніца і сялянка”.

Вышываць жанчына пачала з маладосці. Жылося цяжка, у сям’і выхоўвалася адзінаццаць дзяцей, а хацелася прыбрацца, на вечарынку схадзіць. Таму спачатку ўпрыгожыла вышыўкай блузку, спадніцу. Справа спадабалася, паступова перайшла да больш складаных рэчаў. Так і пасаг сабе падрыхтавала.

Усё жыццё Н. Н. Голуб аддала калгасу. Пасля таго, як пайшла на пенсію, яшчэ амаль 20 гадоў адпрацавала спачатку даяркай, а пасля цялятніцай. Калі толькі на ўсё часу хапала?! Трымала вялікую гаспадарку. Адных падушак памерам метр на метр было трыццаць штук. А на кожную падушку была вышываная навалочка. Так гэта прыгажосць і ляжала ла ложках гарой. «Цяпер, – кажа Надзея Нікіфараўна, – засталося толькі дзесяць, астатнія параздавала».

Нягледзячы на пачцівы ўзрост, жанчыне ўжо мінула 77 гадоў, яна не сядзіць склаўшы рукі. Усё яшчэ трымае гаспадарку, 25 сотак зямлі каля хаты апрацоўвае і яшчэ 25 – у СВК бярэ, каб бульбачку пасадзіць. У лес ходзіць за ягадамі, пазалетась больш за 30 вядзёр чарніц на здачу сабрала.

Стараецца жанчына, каб і знадворку яе хата была дагледжана, плануе ў гэтым годзе пафарбаваць. Хоць і ёсць машына-аўтамат, свае вышываныя рэчы мые толькі рукамі. Н. Н. Голуб кажа, што ад працы Бог дае і здароўе, трэба ўвесь час быць у руху.

Надзея Нікіфараўна ўмее радавацца кожнаму дню, нягледзячы на жыццёвыя цяжкасці. Яна беражліва ставіцца да кожнай рэчы. Увесь свой скарб спадзяецца перадаць любімай унучцы.

 

Анжэла РАДЫНА,

фота аўтара



Добавить комментарий