Дыялог з людзьмi

Официально

“У рабоце кожнага кіраўніка самае галоўнае, як ты ставішся да працы і да людзей”, – падкрэсліў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Станіслаў Францавіч Кулеш падчас правядзення чарговага прыёму грамадзян у раёне.

У Валожыне да дэпутата прыйшоў толькі адзін наведвальнік з просьбай дапамагчы працаўладкавацца, а вось на сустрэчу ў Дубінскі сельскі цэнтр культуры завітала нямала мясцовых жыхароў. Напачатку С. Ф. Кулеш расказаў пра сваю дэпутацкую дзейнасць, аб тым, што зроблена ў раёне, дзякуючы яго намаганням, паведаміў, як выконваюцца запыты выбаршчыкаў. За 2014 год дэпутатам на Валожыншчыне разгледжаны 39 зваротаў грамадзян. У прыватнасці, праведзены рамонт дарожнага пакрыцця па вуліцы 17 Верасня, заасфальтавана вуліца Сахарава ў Валожыне, ліквідаваны прычыны падтаплення жылых дамоў у вёсцы Кашчэлічы, а таксама прамярзання водаправоднай трубы па вуліцы Гагарына ў Івянцы. Ухілены недапрацоўкі, якія дапушчаны пры будаўніцтве шматкватэрных жылых дамоў ЖБК “Эльбрус” у Валожыне і ЖБСК “Івянец-Экспрэс-2010”. Праведзена работа па ўцяпленні сцяны ў шматпавярховым доме па вуліцы Міру, адноўлена работа аптэкі ў мікрараёне Сельгастэхніка.

У размове з выбаршчыкамі расказаў Станіслаў Францавіч і пра сваю работу ў парламенце. За мінулы год заканадаўцамі разгледжаны больш за 200 законапраектаў, на сесіях зацвярджаюцца міжнародныя дагаворы.

Вяскоўцы, у сваю чаргу, узнялі некаторыя пытанні, якія іх хвалююць. Напрыклад, папрасілі садзейнічання ва ўстаноўцы прыпыначнага пункта напачатку вёскі Дубіна-Баярская: тлумачылі, што калісьці там быў прыпынак, які па невядомых прычынах ліквідавалі.

І зараз тым, хто жыве напачатку галоўнай вуліцы, каб патрапіць на рэйсавы аўтобус, трэба ісці праз усю вёску, а гэта добры адрэзак шляху. Ніхто не патрабуе ўстанавіць новы прыпыначны павільён, але хаця б паставіць знак “прыпынак па патрабаванні”, і тады вадзіцелі аўтобуса будуць там спыняцца. Адну з жанчын-пенсіянерак непакоіла пытанне спілоўвання старога дрэва, якое расце паблізу дома на мяжы з суседкай.

Па словах дэпутата парламента, за два з паловай гады дэпутацтва ён прыйшоў да высновы, што людзі ў нашым раёне непатрабавальныя, яны звяртаюцца за дапамогай да ўлады толькі ў самым крайнім выпадку, калі сваімі сіламі не ўдалося штосьці вырашыць. А больш за ўсё скаргаў паступае ад жыхароў Мінска, якія маюць дачы на Валожыншчыне. На жаль, яны толькі патрабуюць, а вось самі “паварушыцца” і зрабіць не спяшаюцца.

Болевай кропкай у раёне С. Ф. Кулеш лічыць будаўніцтва дзіцячага сада ў гарпасёлку Івянец. Пытанне наспела і патрабуе аператыўнага вырашэння. Яно стаіць на кантролі ў аблвыканкаме і адпаведных службаў. Пакуль ход вырашэння стрымлівае недахоп фінансавання. Але надзею івянчанам губляць нельга. Напрыклад, раней было шмат пытанняў і па далейшаму будаўніцтву фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў райцэнтры, але сумеснымі намаганнямі ўдалося станоўча ўсё вырашыць.

Алена ЗАЛЕСКАЯ

фота аўтара



Добавить комментарий