У пошуках брэндавага сувенiра

Общество

Які сувенір можа найбольш выгадна ахарактарызаваць наш раён? Праект “Рэгіянальныя сувеніры для інтэграцыі мясцовых супольнасцей” шукае яркія ідэі распрацоўкі падарункаў для турыстаў.

Афіцыйная тэма праекта – “Стварэнне ўстойлівых форм рэгіянальных сувеніраў і іх інтэграцыя ў рэгіянальны прадукт сельскага турызму ў рэгіёне старой ганчарнай здабычы на захадзе Мінскай вобласці (Івянец – Ракаў – Радашковічы – Гарадок) з актыўным прыцягненнем людзей з абмежаваннямі”.

Асноўныя мерапрыемствы праекта – серыя майстар-класаў і дыскусій у Валожынскім і Маладзечанскім раёнах з мэтай выявіць матывы і формы сувеніраў, якія могуць быць найбольш рэпрэзентатыўнымі для раёнаў. Напрыклад, для нашага раёна гэта могуць быць керамічныя івянецкія львы, або значкі з зімародкам, або нешта іранічнае з кантрабандыстамі 1920-30-x.

Плануецца замовіць распрацоўку для кожнага з раёнаў 2-3 форм для керамічных медальёнаў (плакетак), сюжэты якіх выберам сумесна.

На майстар-класы (па 2 у кожным з 2-х раёнаў) запрашаем усіх, хто ўжо вырабляе сувеніры або хацеў бы паўдзельнічаць у гэтай справе. Чакаем у якасці выкладчыкаў паважаных і кампетэнтных майстроў, якія падзеляцца сакрэтамі свайго рамяства і паразважаюць супольна: якія тэхналагічныя прыёмы і матывы могуць быць ужытыя ў нашых рэгіянальных сувенірах.

Частка ўдзельнікаў будзе адабрана сярод людзей з абмежаванымі магчымасцямі, якія маюць мастацкія здольнасці і хацелі б паспрабаваць сябе ў вырабе сувеніраў. Яны пазнаёмяцца з ужо існуючымі сувенірамі, з перспектыўнымі тэхналогіямі іх вырабу і з запатрабаваннямі рэальнага рынку.

Алесь БЕЛЫ



Добавить комментарий