Асвечаны Алтар

Культура

Вялікая храмавая ўрачыстасць прайшла 19 сакавіка ў валожынскім касцёле. Традыцыйна ў гэты дзень праводзіцца фэст у гонар Святога Юзафа – патрона ўсіх сем’яў, касцёла, апекуна Багародзіцы і Езуса Хрыста.

На вялікую хрысціянскую ўрачыстасць заўсёды збіраецца шмат вернікаў мясцовай парафіі. Для ўдзелу ў святочным набажэнстве прыязджаюць католікі, людзі іншых веравызнанняў з іншых населеных пунктаў рэспублікі. Святары суседніх парафій, Івянца таксама абавязкова наведваюць наш касцёл. Нямала збіраецца святароў, якія працуюць у іншых дыяцэзіях. Так было і на гэты раз.   

Знамянальнай падзеяй для вернікаў, прадстаўнікоў духавенства стала тое, што  Валожынскую парафію наведаў кіраўнік каталіцкага касцёла на Беларусі, Арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч. Ён вёў і Святую Імшу.  З пропаведдзю Божага слова звярнуўся Мітрапаліт да ўсіх, хто прысутнічаў на ўрачыстым богаслужэнні. Яго пранікнёныя і заўсёды эмацыянальныя разважанні пра Святога Юзафа, пра служэнне касцёлу і Богу знайшлі свой водгук у сэрцах і душах вернікаў.

Тадэвуш Кандрусевіч, аналізуючы будзённыя клопаты чалавека, трапна падкрэсліў, што кожны з нас штодзень, шчыра клапоцячыся пра сябе, пра ўласны знешні выгляд, павінен абавязкова ацэньваць сябе, гледзячыся ў духоўнае люстэрка, а такім для кожнага веруючага чалавека з’яўляюцца  Божыя Запаведзі.

Мітрапаліт у час гаміліі падкрэсліў асаблівую ролю сям’і ў сучасным грамадстве, значэнне духоўнага, рэлігійнага выхавання дзяцей. «Сям’я, – сказаў ён, – гэта фундамент грамадства. Гэта – дрэва жыцця, а калі карані засыхаюць, дрэва гіне». На жаль, крызісныя з’явы не абмінулі і сучасную сям’ю: разводы, сужэнская нявернасць, аборты і інш. У свеце за год робіцца каля 50 мільёнаў абортаў. Гэта раўназначна насельніцтву буйной краіны. Дэвальвацыя саюза паміж жанчынай і мужчынам навідавоку. Таму, на думку Мітрапаліта, трэба вярнуцца да спрадвечных духоўных, маральных каштоўнасцей. Шчырая вера і Божая сіла дапамогуць людзям у гэтым светлым імкненні.

…Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў станоўчыя змены ў рэстаўрацыі валожынскай святыні. Дзякуючы клопату айца Гэнрыка Акалатовіча і парафіян, тут зроблены ўнутраны і вонкавы рамонт храма. На добраахвотныя ахвяраванні парафіян пабудаваны чатыры прыгожыя алтары. Адзін з іх, узведзены ў гонар Езуса Убічаванага, і асвяціў 19 сакавіка Т. Кандрусевіч. Адбылося і асвячэнне скульптуры Езуса Хрыста, якая набыта за сродкі вернікаў і ўстаноўлена ў Валожыне ў раёне магазіна «Еўраопт».

Ірына ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий