Подзвiг дабрадзейнасцi

Культура

    Придите ко Мне все труждающиеся и обремененные, и Я успокою вас; возьмите иго Мое на себя и научитесь от Меня, ибо Я кроток и смирен сердцем, и найдете покой душам вашим; ибо иго Мое благо, и бремя Мое легко. (Мф. 11, 28-30) Размову вядзе Благачынны Валожынскай акругі, настаяцель Свята-Канстанціна-Аленінскай царквы ў Валожыне протаіерэй Дзмітрый АГІЕВІЧ
Придите ко Мне все труждающиеся и обремененные, и Я успокою вас; возьмите иго Мое на себя и научитесь от Меня, ибо Я кроток и смирен сердцем, и найдете покой душам вашим; ибо иго Мое благо, и бремя Мое легко.
(Мф. 11, 28-30)
Размову вядзе Благачынны Валожынскай акругі, настаяцель Свята-Канстанціна-Аленінскай царквы ў Валожыне протаіерэй Дзмітрый АГІЕВІЧ

Ідзе Вялікі пост. Гэты час даецца Царквой, каб сабрацца, засяродзіцца і падрыхтавацца да сустрэчы Велікодных дзён.

Пост – час святы, калі ў сабе можна штосьці памяняць, развітацца з ранейшым і пачаць жыць духоўна. Пост – гэта час, калі просьбы чуюцца, калі слёзы асабліва ўлічваюцца. Бог Сам нам такі час вызначыў. І калі б ён быў няважным, хіба ў канцы яго сыходзіў бы Благадатны агонь?

Вялікі пост – гэта перайманне жыцця Хрыста. Пасля Хрышчэння Ён пайшоў у пустыню, дзе пасціўся сорак дзён і сорак начэй. Хрыстос пэўным спосабам падрыхтаваўся да спакус, пасля чаго д’ябал абрынуўся на яго, нібы лютая бура. І Хрыстос выйшаў пераможцам.

Тое ж самае адбываецца і з вернікамі. Пост уяўляе сабой духоўную школу, дзе хрысціянін вучыцца змагацца. Бог, які першым зведаў спакусы, паказаў нам шлях барацьбы з імі.

Вялікі святы нашай Царквы Іаан Залатавуст пісаў, што на працягу Вялікага посту чалавек здабывае вялікае багацце дабрадзейнасцяў. Святы падкрэсліваў, што пост цялесны не з’яўляецца вялікім подзвігам, але большае значэнне мае выпраўленне сваіх недахопаў і ачышчэнне ад граху. Посцячы цялесна, якую карысць мы атрымаем, калі правядзём гэты час, не здзяйсняючы ніякіх подзвігаў дабрадзейнасці? Такім чынам, Вялікі пост – гэта не толькі абмежаванне ў ежы, але і практыкаванне ў дабрадзейнасці. Калі ж у нас атрымліваецца і тое, і другое, значыць у дзень Вялікадня мы зможам годна прыняць удзел у духоўнай трапезе – Святой Еўхарыстыі.

Вялікі пост мае місіянерскае паходжанне. Гэтыя 40 дзён спачатку пасціліся не хрысціяне, а язычнікі – тыя, хто жадаў прыняць Хрышчэнне. Хрысціліся тады сталыя людзі, якія свядома прыйшлі да Хрыста. Гэта была падрыхтоўка, падчас якой чалавек павінен быў грунтоўна ператрэсці сваю душу. Гэта быў час яго подзвігу, яго малітваў, яго посту. Хрысцілі тады толькі некалькі разоў у год, у асноўным на Каляды і Вялікдзень. Людзі посцілі, рыхтуючыся да Таемства. Хрысціяне вырашылі таксама посціць у гэты час дзеля абвешчаных, дзеля язычнікаў, якія рыхтаваліся да Хрышчэння. Такім чынам, Вялікі пост першапачаткова ўзнік як пост салідарнасці, як час малітваў не столькі аб сабе, колькі аб тых, каго спадзяёмся прывесці да Хрыста.

Вялікі пост складаецца з дзвюх частак – гэта Святая Чатырохдзясятніца і Перадвелікодны тыдзень. Чатырохдзясятніца (першыя 40 дзён) – час, калі мы ідзём насустрач Богу. Перадвелікодны тыдзень – час, калі Бог ідзе насустрач нам. Ідзе праз пакуты, праз арышт, Тайную Вячэру, Галгофу, сыходжанне ў пекла і, нарэшце, да Вялікадня. Ён пераадольвае апошнія перашкоды, якія адлучаюць нас ад Бога.

У перыяд посту варта часцей наведваць царкоўныя службы, каб падтрымліваць адзін аднаго і натхняцца думкай, што ў барацьбе за душу мы не адзінокія, бо разам з намі змагаецца ўся Царква. Вельмі важна разумець, што царкоўныя посты – не проста асабісты подзвіг кожнага з нас, а гэта подзвіг нашай узаемнасці, подзвіг нашай салідарнасці, калі мы адчуваем узаемасувязь адзін з адным.

Вельмі важна ў час посту не гневацца, не асуджаць, не раздражняць. Гэта будзе сапраўдная ахвяра. Дзіўна, што людзі гатовыя ўчыняць перастрэлкі з-за валодання якім-небудзь прыбытковым прадпрыемствам, забіваць адзін аднаго і забіваць нават дзяцей з-за розніцы ў палітычных поглядах. Але чаго варта валоданне чым-небудзь матэрыяльным у параўнанні з чалавечай душой?

Устрыманне ў ежы неабходна таму, што чалавек цэласны, ён – увасоблены дух. І ад таго, як жыве цела, вельмі шмат у чым залежыць жыццё душы. Справа ў тым, што чалавек грашыць не целам. Ён грашыць сваёй свабоднай воляй. Шматлікія грахі, варухнуўшыся ў душы, як рэзанатарам, мегафонам, узмацняюцца целам. Трэба гэты мегафон аслабіць, каб ён менш рэзаніраваў. Для гэтага пост і служыць.

У апошні час узнікла праблема, якой не было гадоў 8 ці 10 назад. З’явілася, можна сказаць, поставае скажэнне. Раней, калі чалавек пачынаў посціць, гэта значыла, што ён будзе есці смажаную бульбу, чаргуючы яе з рысам і макаронамі, па вялікіх святах купіць рыбы, яшчэ калі булкай перакусіць. І пост сапраўды быў постам.

А сёння рыхтуюць посны абед: брусельская капуста, васьміногі, кальмары, вустрыцы. Усё сапраўды поснае. Але, калі разам усё скласці, атрымаецца, што гэты «сціплы» абед стоіць даражэй за мясны. Святы Іаан Залатавуст так тлумачыў сэнс посту: «Ты падлічы, колькі грошай каштуе твой абед, калі ты ясі мяса. Затым падлічы, колькі будзе каштаваць твой абед без мяса, а розніцу аддай жабракам». Вось у чым сэнс посту. Каб не проста самому сілкавацца, а каб за кошт гэтага ўтвараліся лішнія грошы, якімі можна было б дапамагчы таму, хто мае патрэбу.

Бывае, што чалавек, які посціць, становіцца жудасна раздражняльны. Ён увесь час адчувае крыніцу неспакою (галодны страўнік), а не ўмее гэта кантраляваць. Ён не валодае сваёй душой, сваімі эмоцыямі. Таму бываюць выпадкі, калі дасведчаныя духоўнікі забараняюць посціць, прапануючы замест посту цялеснага чытаць кожны дзень Пакаянны канон, у храм часцей хадзіць і паспрабаваць за сабой грахі бачыць.

Дзецям мае сэнс казаць, што трэба посціць проста з послуху. Пяцігадовае дзіця не абавязкова без малака пакідаць. Калі вы перастанеце яго пірожнымі да Вялікадня карміць, перастанеце яму смачнасці пячы – гэта будзе для яго дастатковы пост. А ў трынаццаць гадоў трэба падумаць, ці варта падлетка настойліва мясам карміць?

Калі ў сям’і муж веруючы, а жонка не, ці наадварот, пост не павінен уносіць у адносіны азлаблення. Гэта час, калі мы павінны быць хрысціянамі больш, чым звычайна. А гэта значыць, не толькі любіць Бога, але і блізкага свайго.

Вялікі Пост – гэта дарога да Вялікадня. Няхай ён будзе для нас здаровым, ачышчальным і радасным подзвігам душы.  Даверцеся Богу, пройдзячы скрозь сэрца адчуваннямі адкрытасці сваёй, і ўвойдзіце ў радасць Бога і Творцы нашага.



Добавить комментарий