Руплівыя Кандытары

Общество

М. В. БІБІК і Т. М. РОМАН – укладчыцы-ўпакоўшчыцы Івянецкай кандытарскай фабрыкі. Тэрэза Міхайлаўна працуе ў “царстве” салодкіх водараў 6 гадоў, Марыя Вікенцьеўна амаль у тры разы больш – 17, але з абавязкамі сваімі жанчыны спраўляюцца аднолькава добра.

Укладчыцы-ўпакоўшчыцы не толькі калегі, але і стрыечныя сёстры. Магчыма, таму ім лёгка працуецца ў пары, бо разумеюць адна адну з паўслова.

Змена ў цукерачным цэху № 2 СП “Івкон” ААТ доўжыцца 8 гадзін. Спрытныя працаўніцы за гэты час маркіруюць і сартуюць у скрынкі ў сярэднім 2,5 тоны салодкай прадукцыі – значная фізічная нагрузка. Ногі ныюць у канцы змены – не такая ўжо і “салодкая” праца.

Аднак новы зарад энергіі дае сардэчная гутарка. У перапынках сёстры заводзяць шчырыя размовы пра асабістае, а хвалюючыя тэмы заўсёды знойдуцца: радня ж у іх немаленькая. У Марыі Вікенцьеўны двое дзяцей, у Тэрэзы Міхайлаўны – чацвёра, ёсць у яе і пяць унукаў, сярод якіх нарадзілася адразу трое хлапчукоў! Праўда, бывае ў іх бабуля рэдка, бо жывуць унукі ў Дзяржынскім раёне.

Тэкст і фота Алены ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий