Не губляйце сэнсу жыцця!

Общество

Па даных раённай пракуратуры за мінулы год у нашым раёне звялі рахункі з жыццём 13 чалавек. З гэтай колькасці толькі 2 жанчыны – састарэлага ўзросту, астатнія – працаздольныя людзі. Сёлета статыстыка таксама несуцяшальная: усяго за два месяцы года пакончылі з сабою праз павешанне два мужчыны, аднаму з якіх 28, другому – 48 гадоў. Большасць самазабойцаў на момант суіцыду былі ў нецвярозым стане. Яшчэ 5 чалавекам не ўдалося ажыццявіць свой жудасны намер, бо ад немінучай пагібелі іх выратоўвалі родныя ці тыя, хто быў з імі побач у момант адчаю.

Што ж вымушае людзей самавольна пазбаўляць сябе самага дарагога – свайго жыцця? На гэту тэму мы пагутарылі з намеснікам пракурора пракуратуры Валожынскага раёна Сяргеем Анатольевічам ГАБРУКОВІЧАМ.

– Статыстыка самазабойстваў на тэрыторыі раёна паказвае, што дадзены паказчык зніжаецца. І такая тэндэнцыя назіраецца апошнія пяць гадоў: у 2010 годзе было 28 суіцыдаў, у 2011-м – 24, а ўжо летась – у два разы менш. З 13 зарэгістраваных у мінулым годзе выпадкаў 9 самазабойцаў – мужчыны і 4 – жанчыны, 2 з якіх – старэй за 70 гадоў.

Усе выпадкі суіцыду дэталёва правяраюцца Следчым камітэтам раёна, і абавязковай умовай для прыняцця рашэння з’яўляецца высвятленне следчым прычын, якія сталі падставай для адыходу чалавека з жыцця. Пракуратурай раёна надаецца вялікая ўвага вывучэнню такіх матэрыялаў, бо ў справе могуць быць факты давядзення ці схілення людзей да крайнасці, ці зусім неардынарныя выпадкі, калі пад самазабойства маскіруюцца іншыя злачынствы ці забойствы, прычыненне смерці па неасцярожнасці. На шчасце, такіх фактаў у нашым раёне не выяўлена.

Па ўсіх фактах самазабойстваў праводзяцца судова-медыцынскія экспертызы, у абавязковым парадку высвятляецца, ці знаходзіўся чалавек на момант суіцыду ў стане алкагольнага ап’янення. У прыватнасці, з 13 выпадкаў суіцыду ў мінулым годзе 9 асоб былі нецвярозыя, прычым некаторыя настолькі, што для нармальнага чалавека падобнае ўжыванне спіртных напояў можна лічыць несумяшчальным з жыццём, калі ўтрыманне алкаголю ў крыві перавышала 4 праміле. Па медыцынскіх нормах утрыманне спірту звыш 3,5 праміле лічыцца смяротнай дозай.

– Што становіцца прычынай суіцыду?

– У большасці выпадкаў нейкія невырашальныя праблемы: сямейныя, фінансавыя, цяжкія жыццёвыя сітуацыі, калі людзі не бачаць выйсця з сітуацыі.

Узгадваецца наступны выпадак. Малады чалавек, на якога быў накладзены дастаткова вялікі адміністрацыйны штраф за кіраванне транспартам у нецвярозым стане, быў узрушаны тым, што не зможа выплаціць прызначаную суму, таму вырашыў скончыць самагубствам.

Часта здараецца так, што асобы перад тым, як пакончыць з сабою, неаднаразова расказваюць аб сваім намеры тым, з кім разам выпіваюць, а таксама сваім родным ці блізкім. Аднак навакольныя незаўсёды звяртаюць увагу на такія пагрозы, мяркуючы, што чалавек проста палохае. Ёсць выпадкі, калі чалавек адкрыта аб гэтым гаворыць. Напрыклад, быў  выпадак, калі мужчына пастаянна злоўжываў спіртным і, па словах жонкі, прымаў наркотыкі. Па гэтай прычыне жанчына з дзіцем вымушана была пайсці жыць да сваіх бацькоў. Пасля гэтага муж неаднаразова ёй тэлефанаваў і прасіў вярнуцца, сцвярджаючы, што без сям’і ён не бачыць ніякага сэнсу жыць далей, і калі яна не зробіць тое, аб чым ён яе просіць, то звядзе рахункі з жыццём. Вяртацца ж у такія ўмовы, калі муж не жадае мяняцца і рабіць што-небудзь дзеля таго, каб захаваць сям’ю, не было ніякага сэнсу. У выніку мужчына ажыццявіў задуманае.

– Раскажыце пра факты не даведзеных да канца спроб самазабойства?

– Іх называюць парасуіцыдамі. Усяго за мінулы год зарэгістравана 5 такіх выпадкаў. Інфармацыя аб гэтым была накіравана ў райвыканкам, паколькі там створана камісія па прафілактыцы суіцыдаў. Асноўнае ў рабоце ўсіх зацікаўленых асоб – выпрацоўка мер, якія маглі б пасадзейнічаць прафілактыцы самазабойстваў. У выпадках парасуіцыдаў ёсць магчымасць канкрэтна пагутарыць з чалавекам і адкрыта задаць яму пытанне: чаму ён вырашыў пайсці на такі адчайны крок? Асобы, якім не ўдалося давесці сваю жудасную задуму да канца і таму, на шчасце, засталіся жывыя, тлумачылі, што ў асноўным прыгнечаны эмацыянальны стан, пагаршэнне настрою з-за жыццёвых праблем, фінансавых цяжкасцей з’яўляліся прычынамі спробы суіцыдаў. Так, адзін малады чалавек, вярнуўшыся дадому на добрым падпітку, пачуў у свой адрас аб’ектыўныя абвінавачванні ад родных, што ён нідзе не працуе, злоўжывае спіртнымі напоямі. Кпіны былі горкай праўдай, таму, каб не быць абузай для сваякоў, ён вырашыў звесці рахункі з жыццём. Паспрабаваў перарэзаць сабе вены, але родныя паспелі своечасова выклікаць “хуткую дапамогу” і выратавалі яму жыццё. Яшчэ ў адным выпадку чалавек паспрабаваў павесіцца, але вяроўка адарвалася, і ўжо пасля гэтага да яго ўсё-такі прыйшло “прасвятленне”.

Хацелася б звярнуцца да сяброў, знаёмых і сваякоў тых, хто чуў выказванні ад каго-небудзь аб намеры самавольна пайсці з жыцця ці прымаў дзеля гэтага ўжо нейкія спробы: не пакідайце такога чалавека адзін на адзін са сваімі праблемамі, не давайце ім замыкацца ў сабе. Дапамажыце і накіруйце да ўрачоў-псіхіятраў ці спецыялістаў РТЦСАН, дзе працуе псіхалагічная служба.

Гутарыла

Алена ЗАЛЕСКАЯ



Добавить комментарий