Чарговы сельскагаспадарчы кірмаш на гарадскім рынку правяло райспажыўтаварыства.
На гэты раз акцэнт рабіўся на сезонны тавар: саджанцы, насенне, ядахімікаты, грунт, інвертар для агароднікаў і садаводаў.
Асаблівы пакупніцкі ажыятаж назіраўся каля прылаўкаў з мясам і мяснымі паўфабрыкатамі. Шырокі асартымент і даступныя цэны спрыялі бойкаму гандлю. Найбольшую выручку атрымала загадчыца магазіна № 87 у Шчалканах Рэгіна Іванаўна Карпіевіч. Усяго ж у выязным кірмашы прынялі ўдзел сем работнікаў райспажыўтаварыства, працавалі тры гандлёвыя кропкі.
Сваю лепту ў агульны поспех унеслі і работнікі аддзела грамадскага харчавання. Смакавыя якасці кулінарных і кандытарскіх вырабаў можна было ацаніць прама на рынку. Тут жа прадаваліся гарачыя чай і кава.
Падрыхтаваліся да мерапрыемства і работнікі ўстаноў культуры раёна: кірмаш праходзіў пад заліхвацкія гукі музыкі і папулярныя песні.
Алена ЗБІРЭНКА