Не даваць агню волi

Закон и порядок

На тэрыторыі вобласці ў прыродных экасістэмах за апошні час зарэгістраваны 448 выпадкаў узгаранняў сухой расліннасці на плошчы 54,5 гектара. Практычна ўсе палы адбыліся па віне чалавека.

Асобныя грамадзяне ўсё ніяк не могуць пазбавіцца ад шкоднай звычкі паліць вясной смецце і рэшткі леташняй травы. Такія паводзіны не толькі наносяць экалагічную шкоду, але і пагражаюць жыццю і здароўю чалавека.

З мэтай выяўлення і папярэджвання пажараў, якія звязаны з паламі, на тэрыторыі вобласці пройдуць рэйдавыя праверкі. Для маніторынгу стану лясных масіваў будуць прымяняцца беспілотныя авіяцыйныя комплексы “Бусел – М”.

Выратавальнікі напамінаюць, што выпальванне сухой расліннасці катэгарычна забаронена. Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэннях за такія дзеянні прадугледжана пакаранне ў выглядзе штрафаў у памеры ад дзесяці да сарака базавых велічынь, за развядзенне кастроў у забароненых месцах давядзецца раскашэліцца да дванаццаці базавых велічынь.

Пры выяўленні ўзгарання сухой травы пастарайцеся тут жа яго ліквідаваць. Калі вашы дзеянні не прынясуць пажаданага выніку, то тэрмінова тэлефануйце у МНС па нумары “101” або “112”.

Ад месца пажару неабходна як мага хутчэй аддаліцца. Рухайцеся ў накірунку аўтадарогі, чыгункі ці ракі – такім чынам вы пакідаеце за сабой прастору, якая стане перашкодай для распаўсюджвання полымя.



Добавить комментарий