Займець новы пашпарт

Закон и порядок

З чаго пачаць і ці шмат прыйдзецца патраціць сіл і часу, калі вам неабходна зрабіць новы пашпарт, высветліла карэспандэнт раённай газеты.  

Тэрмін дзеяння майго пашпарта заканчваўся. Таму я неадкладна адправілася рабіць новую “кніжачку ў сіняй вокладцы”.

Сфатаграфавацца – першы крок на шляху да новага дакумента. За фота памерам 4 на 5 накіравалася ў Дом быту, што размешчаны ў цэнтры горада Валожына. На маю радасць, чаргі ля дзвярэй з шыльдай “Фотапаслугі” не аказалася. Пераступіўшы парог, я сустрэлася з прафесійным фатографам Тамарай Мікалаеўнай Шарко, стаж працы якой у гэтай сферы больш за 30 гадоў. Яркае святло ў вочы ад лямпы, словы: “Увага! Не маргайце!”, мяккі шчаўчок – і мая выява на флэш-карце лічбавага фотаапарата. Т. М. Шарко ветліва прапанавала зірнуць, што атрымалася, перад тым, як адправіць фота ў камп’ютарную базу.

Забраць каляровае фота з кадроўкай у чатыры экзэмпляры на адным лісце можна было ўжо праз 15 хвілін, заплаціўшы ў касе 16 тысяч 400 рублёў. Калі перад вамі былі іншыя наведвальнікі, то прыйдзецца пачакаць даўжэй: заказ выконваецца ў парадку чаргі.

Дарэчы, фотапаслугі ў Доме быту аказваюцца толькі па буднях з 8.00 да 17.00. Перапынак – з 14.00 да 15.00. Субота і нядзеля – выхадныя.

І вось у маіх руках фатаграфіі, пасведчанне аб нараджэнні і “стары” пашпарт. Куды адпраўляцца далей? Людзі дасведчаныя падказалі – у разлікова-касавы цэнтр РУП “Валожынскі жылкамунгас”. Стварэнне такіх цэнтраў абумоўлена дзеяннем у нашай краіне заяўнага прынцыпу “аднаго акна”, які максімальна спрашчае папяровыя працэдуры.

Нетутэйшаму адшукаць разлікова-касавы цэнтр будзе не так і проста. Размешчаны ён на вуліцы Міру, 12, у лабірынце спальнага сектара мікрараёна Папоўка. Але, калі што, вас праінфармуюць пенсіянеры, якія звычайна сядзяць на лаўках ля пад’ездаў дамоў, і знойдзеце ўстанову хутка.

У цэнтры я сустрэла двух пашпартыстаў – Дар’ю Раманаўну Гарнашкевіч і Святлану Іванаўну Бароўскую. Яны працуюць без абедзеннага перапынку з аўторка (з 8.00 да 18.00) па суботу (з 9.00 да 13.00), выхадныя – нядзеля і панядзелак. У пашпартыстаў ёсць спецыяльная картатэка, дзякуючы якой яны лёгка знаходзяць неабходныя дакументы для афармлення пашпарта, апрацоўваюць даныя і перадаюць усю інфармацыю ў Валожынскі РАУС, а той у сваю чаргу – у Міністэрства ўнутраных спраў краіны. Ад мяне ж патрабавалася толькі запоўніць анкету-заяву.

Ёсць яшчэ адзін момант: за выраб пашпарта трэба заплаціць 90 тысяч рублёў – палову базавай велічыні (аддзяленне банка знаходзіцца недалёка – праз некалькі дамоў ад разлікова-касавага цэнтра). Праз месяц з дня падачы заявы новенькі дакумент будзе гатовы. Аднак, калі справа не чакае, прыйдзецца заплаціць яшчэ 90 тысяч рублёў, тады пашпарт зробяць у паскораным парадку ў тэрмін да 15 дзён. Забраць дакумент вы зможаце ў пашпартным стале Валожынскага РАУС.

Хто жыве ў вёсцы, таму дастаткова звярнуцца ў мясцовы сельсавет, падаўшы фота, квітанцыю аб аплаце, неабходныя дакументы – і кіраўнік спраў сельсавета, дзякуючы дзеянню заяўнага прынцыпу “аднаго акна”, возьме праходжанне гэтай адміністрацыйнай працэдуры на сябе.

 

З 2012 года пашпарты ў нашай краіне выдаюцца на тэрмін да 10 гадоў. Калі вы ўжо дасягнулі 64-гадовага ўзросту і задумалі рабіць новы дакумент, што сведчыць вашу асобу, то ён ужо будзе дзейнічаць, паводле заканадаўства, да вашага 100-гадовага юбілею. Перайшоўшы векавы рубеж, адчайныя жыццялюбы могуць наважыцца на смелы крок, напрыклад, адправіцца ў падарожжа за мяжу, пра якое даўно марылі, –у такім выпадку зноў прыйдзецца фатаграфавацца для новага пашпарта…

Алена ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий