Спартыўны калейдаскоп

Спорт

15 сакавіка ў Мінску адбыліся спаборніцтвы па футболе ў рамках Чэмпіянату лігі дзіцячага футбола. У іх прынялі ўдзел дзве дзіцячыя каманды з Валожына.

У старэйшай групе сустракаліся футбалісты 1999-2000 гадоў нараджэння. Выхаванцы трэнера Андрэя Пракаповіча занялі другое месца сярод чатырох каманд.

Больш юныя футбалісты, 2005-2006 гадоў нараджэння, якіх трэніруе Аляксандр Кавяза, таксама ўвайшлі ў тройку прызёраў. У спрэчцы на футбольным полі сярод шасці каманд яны сталі бронзавымі прызёрамі чэмпіянату.

***

У Дзяржынску прайшло першынство Мінскай вобласці па настольным тэнісе сярод юнакоў і дзяўчат 2000 года нараджэння і маладзейшых.

На рахунку выхаванак трэнера Аляксея Ляха, вучаніц Ракаўскай сярэдняй школы Настассі Патоцкай і Яны Раманчык, трэцяе прызавое месца.

Відавочна, стаўка на папулярызацыю і развіццё настольнага тэніса ў гэтай навучальнай установе дае плён. Вучні Ракаўскай СШ на працягу гэтага навучальнага года паказваюць добрыя вынікі на раённых і абласных спаборніцтвах.

На працягу двух дзён, 13-14 сакавіка, у Вілейцы праходзілі занальныя спаборніцтвы па шашках і шахматах у рамках спартакіяды па месцы жыхарства сярод дзяцей і падлеткаў.

Больш удала выступіла каманда нашага раёна па шашках, якая заняла трэцяе месца. Касцяк яе склалі вучні Багданаўскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа Гражына Амельяновіч, Максім Сініцкі і Іван Гутар. Таксама ў склад каманды ўваходзілі вучаніца СШ № 1 райцэнтра Наталля Саўчук і Максім Курыла з Гародзькаўскага ВПК.

Нашы юныя шашысты набралі 7 ачкоў, прапусціўшы наперад каманды Мінскага і Маладзечанскага раёнаў. У абласных спаборніцтвах прымуць удзел толькі пераможцы занальных спаборніцтваў.

***

У спартыўнай зале Івянецкай сярэдняй школы прайшоў адкрыты турнір па валейболе, прысвечаны Дню Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

У ім прынялі ўдзел 5 каманд, у склад якіх па ўмовах спаборніцтваў уваходзілі 4 мужчыны і 2 жанчыны.

Першае месца заваявала зборная каманда Валожына. У прызёрах – каманда СКІВ (спартыўны клуб івянецкіх ветэранаў) і зборная аграгарадка Ракаў.

Матэрыял да друку падрыхтавала

Наталля ШТЭЙНЕР



Добавить комментарий