Працоўны гонар Мiншчыны

Общество

27 сакавіка падведзены вынікі традыцыйнага абласнога конкурсу «Чалавек года Міншчыны». Цырымонія ўзнагароджання намінантаў з удзелам старшыні аблвыканкама С. Б. Шапіры прайшла ў Доме культуры ААТ «БелАЗ» у Жодзіне. Валожынскую дэлегацыю на абласным свяце ўзначаліў старшыня райвыканкама У. А. Наумовіч.

З розных рэгіёнаў сталічнай вобласці прыехалі ў мінулую пятніцу ў горад беларускіх машынабудаўнікоў людзі, якіх без перабольшання можна аднесці да працоўнай эліты. Гэта прафесіяналы сваёй справы. Кожны з 20-і ўзнагароджаных – гэта безумоўны лідар не толькі ў сваім калектыве, раёне, але і сярод калег сталічнай вобласці.

Усе прысутныя ў глядзельнай зале былі заінтрыгаваны: хто ж па выніках працы за 2014 год атрымае ганаровае званне «Чалавек года Міншчыны»? Адказ на гэта пытанне адкрыў відэафільм, аснову якога склалі сюжэты аб працоўных буднях намінантаў абласнога конкурсу. Першым героем відэафільма стаў галоўны аграном ААТ «Новае жыццё» М. М. Канановіч з жытніцы Міншчыны – Нясвіжскага раёна. Затым гледачы пазнаёміліся з аператарам машыннага даення  Г. У. Кляшторнай са Смалявіцкага раёна. Наступным субяседнікам  кінадакументалістаў быў шахцёр з Салігоршчыны Д. М. Чыгір. Галерэю працоўнай славы прадоўжыў С. М. Рэзнік – дырэктар ТАА «СмартТэкРэгіёнБуд» з Дзяржынска. Пазнаёміліся гледачы і з калектывам ААТ «ПМК № 212» з Маладзечна, якім кіруе В. В. Бярнацкі.

Кадры відэасюжэта лагічна змяняліся адзін за адным, і гэта дакументальная хроніка пераконвала: як шмат на Міншчыне людзей, для якіх

праца стала сапраўдным прызваннем, а яны – яркімі маякамі прафесіяналізму для іншых. Менавіта на такіх людзях, на іх калектывах і грунтуюцца поспехі ў эканоміцы, сацыяльнай сферы. На гэтым акцэнтаваў увагу ў сваім прывітальным слове і старшыня Мінскага аблвыканкама С. Б. Шапіра. Ён зазначыў, што летась па многіх ключавых пазіцыях наша вобласць была лепшай у краіне, а сёлета яна лідзіруе сярод рэгіёнаў Беларусі па ўсіх асноўных паказчыках сацыяльна-эканамічнага развіцця. Сямён Барысавіч, узнагароджваючы намінантаў абласнога конкурсу ў вытворчай і невытворчай намінацыях, адзначаючы лепшых у сацыяльна-палітычнай дзейнасці, падкрэсліў значнасць укладу кожнага пераможцы конкурсу «Чалавек года Міншчыны» ў нашы агульныя, важкія здабыткі. Спецыяльныя дыпломы, памятныя стужкі, грашовыя прэміі былі ў той святочны дзень уручаны і старшыні ветэранскай арганізацыі  Мядзеля  М. Г. Гардону, а таксама загадчыцы педыятрычнага аддзялення Старадарожскай райбальніцы Я. С. Акуневіч, дырэктару Слуцкай фабрыкі па пашыве адзення В. І. Кудзелка, мастаку, пісьменніку з Лагойска С. Ф. Давідовічу і многім іншым.

Прэмія «Чалавек года Міншчыны» прысуджаецца лепшым з лепшых ужо пяты год запар. За гэты час на абласны алімп працоўнага гонару ўзняліся больш за сто чалавек. Ушаноўваць перадавікоў такім чынам – яшчэ раз паказаць значнасць руплівай працы для нашага  агульнага дабрабыту.

Удалым эмацыянальным фіналам гэтай абласной урачыстаці стаў святочны канцэрт, падрыхтаваны лепшымі самадзейнымі калектывамі вобласці, а таксама з удзелам папулярнай арт-групы «Беларусы».

Ірына ПАШКЕВІЧ



Добавить комментарий