Сыны пайшлi дарогай бацькi

Культура

Цяпер звыклы каляндарны выхадны для хлебаробаў на некалькі тыдняў застанецца толькі ў марах. Ніхто з іх не лічыцца з часам, бо сяўба стала эпіцэнтрам працоўных клопатаў.

Няпроста сёння застаць у КСУП  “Сакаўшчына-агра” і Мікалая Мікалаевіча Зялкоўскага. Амаль штодня мяняецца від палявых работ, якія даручаюць гэтаму механізатару. Пазаўчора, напрыклад, ён шчыраваў на трактары з плугамі за вёскай Сакаўшчына. А ўчора быў заняты на ўнясенні арганічных угнаенняў аж за Белакорцам…

Рукі амаль не знімаюцца з руля спрытнага і манеўранага “Беларуса”. Такі ж хуткі, цягавіты ў рабоце і сам трактарыст. Даць спачын рукам, глыбока схаваўшы іх у кішэнях святочнай скураной курткі, механізатару выпадае надзвычай рэдка. Менавіта ў такія хвіліны “рэлаксу” мы і сустрэлі гэтага чалавека летась на раённых “Дажынках-2014” у вёсцы  Вішнева. Нібы хочучы даказаць журналістам, што ён сярод членаў дэлегацыі невыпадковы чалавек, Мікалай Мікалаевіч Зялкоўскі папракнуў нас з лёгкай іроніяй: “Я амаль трыццаць гадоў адпрацаваў у сельскай гаспадарцы, а ў раёнцы ні разу пра мяне не напісалі!”.

Мы тады паабяцалі механізатару выправіць такі інфармацыйны недахоп. А цяпер, калі сталі збіраць звесткі пра гэтага хлебароба, дык, і сапраўды, не раз пераконваліся: варты ён папоўніць газетную галерэю працоўнай славы аграрыяў. У гэтага бацькі выраслі і дастойныя сыны! Жыве сям’я Зялкоўскіх ва Улазавічах. Мікалай Мікалаевіч цяпер штораніцы збіраецца на працу разам з сынам Сяргеем і малодшым Косцем. Цяпер іх будні звязаны з веснавой сяўбой. З самага ранку да позняга вечара шчыруе ў полі бацька. Хоць і загартаваны ён у працы, але ўсё роўна адчувае вялікую фізічную нагрузку. За дзень апрацоўвае на сваім “МТЗ-1221” ад 40 да 60 гектараў зямлі.  Міжволі яго сэрца трывожыцца за старэйшага сына Сяргея: “Як там ідуць у яго справы?”. Як правіла, яны працуюць на розных вытворчых участках. Сяргею давераны энерганасычаны трактар “Беларус” сучаснай мадыфікацыі. Таму на рабочых планёрках вытворчыя аб’ёмы даводзяцца ўнушальныя, каб найбольш эфектыўна выкарыстоўваць тэхніку. У адзін з сакавіцкіх дзён Сяргей дастаўляў на палеткі ўгнаенні. На момант нашай размовы па мабільніку ён пахваліўся, што ўжо паспеў зрабіць 9 рэйсаў, а за адзін перавозіць да 16 тон арганікі. Да заканчэння рабочай змены заставалася яшчэ далёка, таму аб’ём зробленага, вядома ж, прыкметна вырасце.

Дадому хлебаробы Зялкоўскія вяртаюцца позна вечарам. На кухні за смачным падмацункам, падрыхтаваным клапатлівай жонкай і маці, яны абавязкова заводзяць размову пра тое, як прайшоў іх чарговы працоўны дзень. Як правіла, здабыткі на сяўбе іх радуюць. Зацікаўлены субяседнік у гэтым дыялогу і малодшы сын Косця.

Сяргею ўжо 26 гадоў, а брату дваццаць. Ён таксама вызначыўся са сваім жыццёвым выбарам. Вучыцца ў Ашмянскім каледжы. Цяпер у яго вытворчая практыка. Праходзіць яе Косця ў КСУП “Сакаўшчына-агра” на пасадзе механіка.

Кожны галоўны спецыяліст, з якім мне прыходзілася размаўляць у гаспадарцы, добразычліва характарызаваў сям’ю Зялкоўскіх. І многія без пафасу ўхвальна зазначалі: “Гэта дастойная хлебаробская дынастыя! Пабольш бы такіх руплівых людзей мець у нашай гаспадарцы!”.

 Ірына ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий