Завочнае падарожжа ў гарады-пабрацімы

Культура

У экспазіцыі краязнаўчага музея знайшлі месца цікавыя экспанаты, звязаныя з гісторыяй і сучаснасцю гарадоў-пабрацімаў Валожына – Арзамаса, Лобні, Зарайска.

Дэлегацыі гэтых гарадоў падчас прыезду ў Валожын абавязкова наведваюць музей і па добрай традыцыі пакідаюць у дар сувеніры і падарункі, а супрацоўнікі музея ладзяць для іх экскурсіі па гістрычных мясцінах горада і раёна.

На сённяшні дзень калекцыя падарункаў складае 58 адзінак музейнага фонду. Кожны год да дня яднання народаў Беларусі і Расіі музей ладзіць выставу гэтых сувеніраў для наведвальнікаў.

Цікавасць выклікаюць карціны з краявідамі гарадоў-пабрацімаў, кнігі, брашуры, якія распавядаюць пра іх слаўнае мінулае і сучаснасць. Сярод падарункаў ёсць вымпелы з выявамі гербаў расійскіх гарадоў, дыскі з відэафільмамі, наборы паштовак, значкі і іншае. Асаблівы інтарэс выклікаюць багата ілюстраваныя друкаваныя выданні пра гісторыю, знакамітых людзей і сучаснасць гэтых гарадоў.

 

Арзамас заснаваны як горад-крэпасць на месцы мардоўскага пасялення па прапанове цара Івана Грознага ў 1552 годзе. Па легендзе назва горада паходзіць ад імён двух братоў Арзая і Масая, якія правілі гэтым паселішчам. Яны сустрэлі Івана Грознага дарамі і ў яго прысутнасці першымі прынялі праваслаўную веру. Арзамаскія купцы будавалі на свае сродкі храмы, уносілі вялікія грошы на набыццё царкоўных рэчаў. У XIX стагоддзі тут налічвалася больш за 30 храмаў і 4 манастыры.

З Арзамасам звязана жыццё і творчасць вядомага пісьменніка, аўтара дзіцячых расказаў і апавяданняў Аркадзія Гайдара.

Будучы ў ссылцы ў Арзамасе, А. М. Горкі завяршыў п’есу “На дне”, а таксама раман “Мать”.

Арзамас сёння – гэта буйнейшы прамысловы цэнтр з развітым машынабудаваннем.

У горадзе больш за 130 помнікаў гісторыі, культуры і архітэктуры ўзяты пад дзяржаўную ахову.

 

Горад Лобня ў 2016 годзе адзначыць сваё 55-годдзе з дня атрымання статусу горада. Гісторыя яго пачынаецца з гісторыі невялікага прыстанцыйнага рабочага пасёлка, які ўзнік у пачатку XX стагоддзя на месцы старажытнага паселішча.

Знаходзіцца горад у паўночнай частцы Маскоўскай вобласці. У чатырох кіламетрах ад яго размешчаны аэрапорт “Шарамецьева”.

У лістападзе-снежні 1941 года адбываліся жорсткія баі за Маскву. Нягледзячы на планы германскіх войск, наступленне было спынена менавіта каля Лобні. Савецкія воіны выканалі свой святы абавязак перад Радзімай – не пусцілі ворага да Масквы.

 

За сваю шматвекавую гісторыю Зарайск увасобіў у сабе лёсы ўсёй Расіі. Ён мужна ўтрымліваў стратэгічнае значэнне пры абароне Разанскага княства і Маскоўскай дзяржавы, быў сведкам спусташальных ардынскіх нашэсцяў, выступаў сур’ёзнай перашкодай на шляху крымскіх татараў, польска-літоўскіх інтэрвентаў. Першае ўпамінанне пра Зарайск адносіцца да 1146 года.

У 1225 годзе Зарайск займеў свайго духоўнага заступніка – Міколу Цудатворца з яго знакамітым дэвізам: “Хощу образом моим быти, и чудеса творити, и место прославити”.

З Зарайскай зямлёй звязана імя разанскага ваяводы-багатыра Еўпація Калаўрата, які змагаўся з ордамі Батыя. Праз гэтыя землі ў 1378 годзе пралягаў маршрут маскоўскай раці на чале з Дзмітрыем Данскім.

Расійскі Зарайск не толькі горад-воін, але і горад-помнік. На тэрыторыі раёна захавалася больш за 300 археалагічных, архітэктурных, гістарычных, літаратурных і манументальных помнікаў. Сярод такіх – Зарайскі крэмль, Нікольскі сабор, Благавешчанская царква, Іаана-Прадцечанскі сабор і іншыя.

Наталля ЛОЎЧАЯ,

дырэктар раённага музея



Добавить комментарий