Рэгiянальныя навiны

Общество

Рэгiянальныя навiны ад члена Саюза журналістаў Беларусі

Наталлі ШТЭЙНЕР

Днямі галоўнае ўпраўленне аховы здароўя Мінскага аблвыканкама на калегіі падвяло вынікі работы галіны ў 2014 годзе.

Па выніках работы Ганаровай граматай упраўлення ўзнагароджана ўрач-афтальмолаг раённай паліклінікі Галіна Уладзіміраўна Бабак. Аб’яўлены падзякі галоўнай медыцынскай сястры Валожынскай ЦРБ Вользе Яраславаўне Бітэль і галоўнаму бухгалтару Ніне Уладзіміраўне Чэрнік.

Падчас вясенніх канікулаў у 10 установах адукацыі раёна працавалі лагеры з дзённым знаходжаннем.

У Івянецкай СШ лагер наведвалі 50 вучняў малодшых класаў, у гімназіі, СШ № 1 райцэнтра і Ракаўскай СШ – па 40, у Багданаўскім, Гародзькаўскім, Вішнеўскім і Пяршайскім ВПК – па 15, у Суднікаўскай і Яршэвіцкай СШ – па 10 вучняў. Для аздараўлення 250 школьнікаў было выдзелена 46 мільёнаў 425 тысяч рублёў бюджэтных сродкаў. Большая частка выдаткаваных грошай – 43 мільёны 860 тысяч — пайшла на харчаванне. Бацькоўская даплата не прадугледжвалася.

Рашэннем райвыканкама ад 31 снежня 2014 года быў зацверджаны план мерапрыемстваў на 2015 год па навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні тэрыторый населеных пунктаў.

Згодна з гэтым рашэннем, былі вызначаны 26 неэксплуатуемых аб’ектаў сельскагаспадарчага прызначэння, якія падлягаюць зносу. У асноўным гэта рэшткі былых малочнатаварных ферм, складскіх памяшканняў, КЗС і іншыя. Запланаваныя работы вядуцца гаспадарчым спосабам сіламі ўласных будаўнічых брыгад, пры неабходнасці прыцягваюцца спецыялісты ДРБУ № 167 і ДУП “Валожынскае ПМС”. Паводле даных упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, на сённяшні дзень знесены 15 аб’ектаў: тры ў ААТ “Суднікаўскае”, па два – у КСУП “Сакаўшчына-агра”,  ААТ “Агра-Дубінское” і ТАА “Тарасава”, па аднаму – у КУП “Сівіца”, КСУП “Падбярэззе”. Больш за ўсё такіх аб’ектаў у ААТ “Лоск” – чатыры. Там работы па зносе набліжаюцца да завяршэння. Дарэчы, у мінулым годзе пры плане 38 аб’ектаў насамрэч было ліквідавана 58.

Бацькоўскі сход у цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Валожынскага раёна хутчэй нагадваў творчую сустрэчу. Кіраўніцтва ўстановы запрасіла бацькоў дзяцей, якія наведваюць гурткі і аб’яднанні па інтарэсах, азнаёміцца з цэнтрам і створанымі для развіцця творчых здольнасцей іх нашчадкаў умовамі.

Нягледзячы на тое, што сход быў прызначаны на суботу, 40 бацькоў ахвяравалі сваім выхадным. Спачатку іх правялі па кабінетах для заняткаў, паказалі выставу дзіцячых работ, якая пастаянна абнаўляецца. Затым дарослым прапанавалі майстар класы па харэаграфіі, вырабу паштовак, бісерапляценні і арганізацыі вольнага часу. На заканчэнне бацькоўскага сходу выхаванцамі розных гурткоў была падрыхтавана канцэртная праграма. Вясёлыя сцэнкі на англійскай і польскай мовах перамяжоўваліся танцавальнымі і вакальнымі нумарамі. Гасцям прапанавалі невялікі лялечны спектакль. Удзельнікі тэатральнага гуртка таксама мелі магчымасць прадэманстраваць свае поспехі.

Першынство Мінскай вобласці па баскетболе сярод юнакоў 2002-2003 гадоў нараджэння прайшло на базе гімназіі № 1 г. Валожына.

Каманды выставілі 10 раёнаў Міншчыны: Валожынскі, Барысаўскі, Мядзельскі, Клецкі, Нясвіжскі, Лагойскі, Мінскі, Маладзечанскі, Вілейскі і Пухавіцкі. Спаборніцтвы праходзілі ў дзвюх падгрупах. Па дзве лепшыя каманды з кожнай разыгралі паміж сабой прызавыя месцы. За 3-е месца ў фінале змагаліся каманды Нясвіжскага і Лагойскага раёнаў. Прызавое месца заваявалі юнакі з Нясвіжа. За перамогу ў першынстве прадстаўнікі нашага раёна спрачаліся са сваімі равеснікамі з Барысава. Сцвярджаюць, што дома і сцены дапамагаюць. Так адбылося і на гэты раз. Нашы юныя землякі перайгралі сваіх равеснікаў і сталі чэмпіёнамі Мінскай вобласці.



Добавить комментарий