26 красавіка споўніцца 29 гадоў з таго часу, як адбылася аварыя на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. сваім чорным крылом яна накрыла многія тэрыторыі Беларусі, Украіны, Расіі. На жаль, не абышла і наш Валожынскі раён.
На працягу многіх гадоў пад эгідай Беларускага фонду міру і Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі праводзіцца сацыяльна-творчая акцыя “Чарнобыльскі шлях – дарога жыцця”. У гэтым годзе яна прысвечана 70-годдзю перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і праходзіць пад дэвізам “У імя міру на зямлі”.
Амаль два месяцы яе ўдзельнікі наведваюць раёны нашай краіны, а таксама Украіны і Расіі, якія найбольш пацярпелі ад наступстваў аварыі. Вось і напрыканцы сакавіка завіталі яны ў Івянец. Адкрылі сустрэчу начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама В. М. Адамовіч і К. І. Копелева, што стаяла ля вытокаў гэтай дзейнасці яшчэ ў мінулым стагоддзі. пасля адбыўся канцэрт, у якім прымала ўдзел творчая моладзь дзіцячых устаноў нашага пасёлка.
Тры нумары, дзве песні і танец на інвалідных калясках, выканалі і выхаванцы дома-інтэрната Каця Захаваева, Вадзім Стрэльскі і Рыгор Валасевіч. Усе ўдзельнікі атрымалі каштоўныя падарункі ад гасцей. Затым гаспадарамі сцэны сталі прафесійныя артысты, лаўрэаты міжнародных конкурсаў і фестываляў. доўга не змаўкалі апладысменты ў зале мясцовага дома культуры пасля выступлення арт-гурта «By City».
Павел Шпак,
вучань 10 класа
Івянецкага дома-інтэрната