Пасха — уваскрэсенне чалавека у веры

Культура

Сучасны свет жыве без Бога і напоўнены абыякавасцю да лёсу бліжняга, матэрыялізмам, шкоднымі звычкамі. Нягледзячы на гэта, Бог любіць кожнага чалавека і кліча на дарогу Веры, малітвы і міласэрнасці. Толькі ці ідзеш ты, чалавек, гэтай дарогай, якая вядзе да жыцця вечнага з Богам, можа выбіраеш шлях у цемру пекла?

Дарагія мае парафіяне! Дзякуючы вашай веры і ахвярнасці, сталі магчымымі вялікія рэлігійныя падзеі: фэст Святога Юзафа, збудаванне і асвячэнне чацвёртага алтара, узвядзенне двух крыжоў, устаноўка фігуры “Сэрца Ісуса”, дошкі з малітвай. Гэта ваша багацце, якое Бог ужо запісаў у небе, у вашых Кнігах Жыцця. Кожную ахвяру Бог бачыць. Але патрэбна яшчэ і асабістая малітва, выкананне Божых і касцельных правіл. Кожнаму з нас давядзецца адказаць на наступныя пытанні: ці маліўся ты раніцай, днём і ўвечары? Ці захоўваў пост у пятніцу? Ці быў ты на святой Імшы кожную нядзелю і ў святы? Ці ўдзельнічаў у набажэнстве Крыжовай Дарогі? Ці ўдзельнічаў у Рэкалекцыях, ці прыступіў да Велікоднай Святой Споведзі? Ці выкінуў са сваёй мовы праклёны, абгаворы, нецэнзурнае смецце? Ці памірыўся з тымі, каго нейкім чынам пакрыўдзіў?

Той чалавек, які адкажа станоўча, не змарнаваў час Вялікага Посту.

Ідуць апошнія, вельмі важныя дні Вялікага Посту. У Вялікі Чацвер Сын Божы ўстанавіў Святы Сакрамэнт святарства і Святую Імшу. Абавязак кожнага парафіяніна – маліцца за ксяндзоў, дапамагаць ім у жыцці і працы. У Вялікі Чацвер касцёл пытаецца ў кожнага парафіяніна: “Чалавек, як ты, твая сям’я адносіцеся да Святой Імшы? Ці шануеш Святы дзень – нядзелю? Калі ты апошні раз запісаў Святую Імшу за памёршых сваякоў, суседзяў, святароў? Ці была адпраўлена Святая Імша за здароўе з нагоды твайго дня нараджэння, імянін, гадавіны шлюбу?”.

У Вялікую Пятніцу адбываецца адарацыя Крыжа, на якім сын Божы памёр за грахі свету. Ісус Хрыстос узяў твае грахі, чалавек, каб уратаваць ад вечнай смерці. Таму падчас службы ў гэты дзень хрысціяне выказваюць удзячнасць Збаўцу.

У Вялікую Суботу касцёл адчынены ўвесь дзень. Каля Гробу Хрыста запальваюцца свянцоныя свечкі і лампадкі за душы памёршых. На вячэрнім Набажэнстве адбудзецца малітва асвячэння агню. Таксама вернікі прыносяць ваду, якая будзе асвечана, і гэту ваду пасля забяруць дадому.

А сёмай гадзіне раніцы ў нядзелю распачынаецца Велікодная працэсія Рэзурэкцыйная, пасля якой адбудзецца Святая Велікодная Імша. Вялікдзень, як і Каляды, гэта свята сям’і. І таму на такія святы добра выхаваныя дзеці, унукі прыязджаюць на сваю бацькаўшчыну, да сваіх бацькоў і ўсе разам ідуць у касцёл на Велікодную Святую Імшу.

Вярнуўшыся з касцёла дадому, ладзяць святочнае снеданне (абед). Пасярэдзіне стала ставяць запаленую свянцоную Велікодную свечку – знак Божага святла Уваскрэслага Хрыста. Побач з Велікоднай свечкай ставяць асвечаную ў касцёле ежу, а затым – розныя іншыя стравы.

Перахрысціўшыся, адгаворваем “Ойча наш…” і малітву благаславення, напрыклад: “Дзякуем табе, Божа, што дазволіў усім нам сабрацца ў бацькоўскай хаце. Благаславі, Божа, гэты Велікодны стол, гэтыя стравы і навучы нас дзяліцца хлебам і радасцю з тымі, хто не мае. Просім, каб святло гэтай свянцонай велікоднай свечкі, як Божае Святло уваскрэслага Хрыста, асвятляла наш дом, кватэру, сям’ю, нашу пабожную, рэлігійную зямную дарогу жыцця. Амэн”.

Спажыванне снедання распачынаем свянцонай ежай. Пасля яды ўсе перахрысціліся, адгаварылі “Вітай, Марыя”, а затым: “Дзякуем табе, Божа, за гэты Велікодны пасілак і дай нам у наступным годзе сабрацца пры гэтым бацькоўскім Велікодным стале праз Хрыста, пана нашага. Амэн”.

Дарагія мае парафіяне! Віншую вас з радасным святам Вялікадня. Дзялюся радасцю Велікоднага свята з нашымі братамі і сёстрамі праваслаўнымі! Віншую ўсіх жыхароў Валожына і гасцей нашага горада і раёна.

Дарагія людзі добрай волі! Жадаю, каб Бог даў усім вам здароўя душы і цела, супакою і радасці ў вашых сем’ях, у працы, добрага, шчаслівага, рэлігійнага жыцця вам і вашым дзецям, унукам, праўнукам. Няхай Уваскрэслы Хрыстос благаслаўляе Валожыншчыну і нашу зямную бацькаўшчыну – Беларусь.

З Вялікаднем усіх вас! Хрыстос уваскрэс! Сапраўды ўваскрэс!

 

  З Божай любоўю і малітвай за кожнага з вас – ксёндз-доктар Гэнрык Акалатовіч, пробашч Валожынскага касцёла Святога Юзафа



Добавить комментарий