Рэгiянальныя навiны

Общество

ад члена Саюза журналістаў Беларусі

Наталлі ШТЭЙНЕР

 У першым квартале бягучага года курсы павышэння кваліфікацыі на базе Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі прайшлі 11 урачоў з медыцынскіх устаноў раёна.

26 сярэдніх медыцынскіх работнікаў павысілі свой прафесіянальны ўзровень на курсах пры  медыцынскіх каледжах Мінскай вобласці – Слуцкім, Барысаўскім, Мінскім. У першыя дні красавіка на курсы павышэння кваліфікацыі адправіцца анестэзіёлаг-рэаніматолаг (загадчык аддзялення раённай бальніцы) Ігар Анатольевіч Скурановіч. У красавіку пройдуць перападрыхтоўку 4 медыцынскія сястры.

 

РУП “Белпошта” аб’явіла сярод членаў свайго прафсаюза фотаконкурс “На сувязі са светам”. Да канца сакавіка ўсе раённыя вузлы паштовай сувязі прадставілі на творчы іспыт лепшыя фотаработы.

Валожынскі раённы вузел паштовай сувязі прадставіў на конкурс фотакалажы краявідаў Валожыншчыны ў тэматыцы “Часы года”. У намінацыі “Прафесія ў асобах” мовай фотаздымкаў расказалі пра кіраўніка свайго калектыву, а таксама пра работніц Івянецкага аддзялення сувязі, дзе працуюць тры шматдзетныя маці. Яшчэ тры фотакалажы адлюстроўваюць жыццё пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі. Неўзабаве будуць аб’яўлены вынікі конкурсу.

 

У дні веснавых канікулаў прайшла тэматычная гульня КВЗ “На дарозе дробязяў не бывае!”, у якой прынялі ўдзел юныя інспектары дарожнага руху з Багданаўскай  (каманда “Маланка”), Дорскай (“Без тармазоў”), Гародзькаўскай і Ракаўскай сярэдніх школ (каманды “Светлафор”).

Журы ўзначальвала галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама  Ганна Канановіч. Арганізатарамі гульняў сталі работнікі цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Валожынскага раёна. Акрамя візітнай карткі “Нам з ДАІ па дарозе” былі яшчэ два тэматычныя конкурсы, дзе панаваў гумар, але патрабаваліся і пэўныя веды. Апошнім быў музычны конкурс “За намі будучае”. Усе каманды паказалі высокі ўзровень падрыхтоўкі. Журы адзначыла каманду “Маланка” з Багданава, якая на працягу гульняў карысталася роднай мовай. Салодкія падарункі – тарты – уручыў старшы інспектар аддзялення ДАІ, член журы Андрэй Жудрык. Каманды атрымалі таксама дыпломы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. На занальныя гульні, якія прызначаны на 9 красавіка і адбудуцца ў Вілейцы, адправяцца юныя інспектары дарожнага руху з Ракаўскай сярэдняй школы.

 

  Да раённага Свята гумару, якое запланавана ў Дубіне на сярэдзіну чэрвеня, народны гурт народнага гумару “Дубінскія фанабэры” будзе мець новыя прыгожыя касцюмы.

Як расказалі ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, на набыццё тканіны і аксесуараў выдаткавана каля 14 мільёнаў рублёў уласных пазабюджэтных сродкаў. За пашыў 11 касцюмаў узяліся мясцовыя швачкі па дагаворы-падрадзе. Эскізы распрацоўвалі сумесна з членамі творчага калектыву. Дубінцы – на Валожыншчыне людзі адметныя. Таму і мужчынскія касцюмы будуць мець крыху ваяўнічы дух (народнае “мілітары”), а жаночыя вызначацца стракатасцю ўпрыгажэнняў.

 

    У Валожыне прайшло адкрытае першынство раёна па шашках, прысвечанае памяці ветэрана гэтага віду спорту настаўніка  Мікалая Саўкіна.

У спаборніцтвах за шашачнай дошкай, якія праходзілі ў раённай бібліятэцы, прынялі ўдзел 16 спартсменаў не толькі з нашага раёна, але і са Стоўбцаў, Маладзечна. Першае месца заваяваў Аляксандр Бартош з Маладзечна, яго зямляк Уладзімір Басінюк быў трэцім. Другое месца на рахунку Казіміра Лаўрыновіча са Стоўбцаў. Лепшы вынік сярод нашых спартсменаў паказаў жыхар Валожына Міхаіл Шыян, які падзяліў 8-9 месца з сынам Мікалая Саўкіна Андрэем. Валожынец Станіслаў Матус быў дзясятым.



Добавить комментарий