Пакуль будзе сэрца бiцца, яно не зможа пагадзiцца

Официально

Ініцыятыва старшыні раённага адзялення ГА “Беларускі саюз жанчын” Зоі Мікалаеўны Дубіны аб правядзенні сустрэчы з малалетнімі вязнямі пад назвай “У вайны не жаночы твар” была падтрымана старшынёй каардынацыйнага Савета грамадскіх арганізацый і палітычных партый І. С. Каваленкай, вядучым спецыялістам РГА “Белая Русь” Л. Р. Прывал, старшынёй РГА таварыства Чырвонага Крыжа Ж. М. Жывіцкай. Сцэнарый мерапрыемства напісала кіраўнік літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” В. Ф. Гіруць-Русакевіч, яна ж выступіла і ў ролі вядучай.

У РЦК былі запрошаны шэсць жанчын, дзяцінства якіх выпала на гады ваеннага ліхалецця. Прыйсці змаглі толькі чатыры: узрост такі, што не кожны дзень прачынаешся ў добрым здароўі. Паважаных гасцей прывіталі цёпла і сардэчна, пасадзілі за святочны стол, на якім стаяў духмяны чай і пачастункі.

Няўмольны час пакідае ўсё менш сведкаў мінулай вайны, таму важна сабраць і перадаць усе крупінкі ўспамінаў нашчадкам, каб і яны ведалі, якой цаной аплачаны мір на зямлі.

Першай свой аповед пачала ветэран педагагічнай працы, жыхарка Валожына Аляксандра Афанасьеўна Шамрай. Немагчыма без слёз было слухаць пра хлопчыка Славу Калядку, які вырваўся з падаючага гумна і пабег у суседнюю вёску, каб папярэдзіць, што фашысты паўсюдна праводзяць карную аперацыю. Пра тое, што пасля моцных апёкаў валасы на яго галаве так ніколі потым і не выраслі… Як людзі хаваліся ў лесе, жылі ў шалашах і зямлянках, галадалі. І ўсе ж не пазбеглі палону. Бацькоў і дзяцей раздзялілі, дарослых спалілі жывымі, а малых пагналі пешшу за дзясяткі кіламетраў. Аляксандры Афанасьеўне было толькі пяць годзікаў, яна хутка стамілася і не паспявала за ўсімі. Тады сястра, хоць і мала старэйшая, брала яе на рукі і колькі крокаў падносіла…

А калі расказчыца падышла да таго моманту, як іх, сірот, пасялілі ў Жыліцкім дзіцячым доме, Надзея Іванаўна Каваленка са Шчалканаў устрапянулася: аказваецца, у той час яна там таксама была, праўда, як студэнтка педтэхнікума. Столькі гадоў пражылі амаль побач, а пра тое, што ў пасляваенны час дзялілі адзін будынак і адну сталоўку, даведаліся толькі на гэтай сустрэчы! У самой жа Надзеі Іванаўны за плячамі канцэнтрацыйны лагер Азарычы.

Сямёра братоў і сясцёр гадавалася ў сям’і, з якой паходзіла Антаніна Іванаўна Арцёмава. Жылі ў вёсцы Жардэлі, што каля Багданава, і не здагадваліся, як далёка параскідае лёс іх ад гэтай мясціны. Пра аднаго брата звестак няма і па сёння, адна з сясцёр жыве на Украіне, іншыя таксама аказаліся далёка ад малой радзімы. А пачатак усяму паклаў той дзень, калі ў дом уварваліся захопнікі і пагналі ў палон. Спачатку была турма ў Лідзе, потым шматлікія засценкі ў Польшчы і Германіі, прымусовыя работы. Калі ў 1945 годзе вярнуліся на роднае папялішча, то малая Антаніна па-нямецку гаварыла лепш, чым на роднай мове. Ад сядзібы і двара нічога не засталося, доўга шукалі прытулку, пакуль сваячка з Гардынава не паклікала жыць гаротнікаў да сябе.

Ева Васільеўна Барадака з Валожына напярэдадні сустрэчы занядужала, таму прыйшла ў суправаджэнні мужа, Мікалая Іванавіча, з якім яны разам вось ужо 56 гадоў. Самыя балючыя ўспаміны ў яе – пра Мінскае гета, пра ізалятар, у якім трымалі гітлераўскія нелюдзі, каб браць у дзяцей кроў. На ўсё жыццё засталіся шрамы на параненых руках.

Розныя і адначасова падобныя біяграфіі людзей аднаго пакалення. Усім ім давялося зведаць здзекі, страх. Не менш цяжкім выпрабаваннем быў і голад. Елі мерзлую бульбу, шчаўе, кісліцу, нават птушанят дзікіх птушак. Не хутка і  пасля вайны жыццё наладжвалася да лепшага: пісалі на газетах, часта адна пара абутку мелася на ўсю сям’ю і ў школу хадзілі па чарзе. У дзіцячых дамах таксама да раскошы было далёка: ложкі, збітыя з бярвёнаў, а праз дзіравы дах над галавой можна было назіраць зорнае неба. І ўсё ж яны выжылі, атрымалі прафесіі, сумленна адпрацавалі, выгадавалі добрых дзяцей. Унук А. А. Шамрай – прафесар фізікі, жыве ў Англіі, сын Н. І. Каваленкі – дырэктар РУП “Валожынскі жылкамунгас”, сын Е. В. Барадакі – таленавіты праграміст, працуе ў банкаўскай сферы, дачка А. І. Арцёмавай – настаўніца ў Мінску.

Калі гутарка пачала патроху заціхаць, на мерапрыемства зазірнуў акампаніятар РЦК А. Ф. Каранеўскі. І сустрэча пацякла ўжо ў іншым накірунку: госці заспявалі песні сваёй маладосці, якія ахвотна падхапілі ўсе прысутныя. Хтосьці ў перапынку сказаў: “Гэтыя песні спявацца будуць заўсёды, бо яны ад душы! Трэба і пра вайну з душой успамінаць, каб не забылі…” Напрыканцы мерапрыемства былыя малалетнія вязні атрымалі падарункі ад “Белай Русі”, падзякавалі арганізатарам і паабяцалі быць “у страі” яшчэ доўга…

Алена ЗБІРЭНКА,

фота аўтара



Добавить комментарий