У сяброўстве з кнiгай…

Культура

На працягу мінулага тыдня ў Валожынскай дзіцячай бібліятэцы было шматлюдна, звычайную цішыню Храма кнігі парушалі смех, шум, гучныя дзіцячыя галасы. Традыцыйны Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі “І прыходзіць свята кнігі” ўключыў шмат разнапланавых мерапрыемстваў.

Адкрыўся Тыдзень гульнёва-забаўляльнай праграмай “Ходзяць казкі па зямлі…”, на якую запрасілі дзяцей з аздараўленчага лагера гімназіі № 1.

Іх сустракалі казачныя героі – Папялушка, Доктар Айбаліт і Нязнайка. Менавіта яны праводзілі віктарыну, гульні, а Доктар Айбаліт нават даваў дзецям карысныя парады, як захаваць здароўе.

У той жа дзень вучні СШ № 1 пабывалі ў бібліятэцы на свяце “У свеце фарбаў, гукаў і пачуццяў”. Для іх выконвалі музычныя творы вучні дзіцячай школы мастацтваў, а настаўнікі знаёмілі з рознымі музычнымі інструментамі. У бібліятэцы была аформлена выстава работ выхаванцаў аддзялення выяўленчага мастацтва школы.

Адзін з дзён Тыдня быў аддадзены краязнаўству. Мерапрыемства “Люблю цябе, куточак родны!” было падрыхтавана сумесна з работнікамі раённага краязнаўчага музея і прысвячалася 75-годдзю ўтварэння Валожынскага раёна.

Найбольш масавым атрымалася заключнае мерапрыемства – гульнёва-забаўляльная праграма “Усмешка і смех прыемны для ўсіх!”. Падчас яго лепшыя 20 чытачоў атрымалі спецыяльна распрацаваныя “Пасведчанні лепшага чытача”, бізнес-блакноты і ручкі. Гэта вучаніца 5 класа СШ № 1 Яна Санюковіч і першакласнік гэтай установы Саша Загорскі, дзевяцікласніцы СШ № 1 Ганна Аўдзей і Насця Загорская, Віка Петрычэнка, якая вучыцца ў 3 класе СШ № 2, а таксама гімназісты васьмікласніца Даша Цяжкевіч і першакласнік Іван Мянцюк і іншыя. Некаторыя з дваццаткі не першы раз ужо адзначаны падарункамі. 1 мільён рублёў на сувенірную прадукцыю выдаткаваў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

На працягу тыдня ў бібліятэцы пабывалі выхаванцы дзіцячых садкоў № 3 і № 5, большасць мерапрыемстваў наведалі хлопчыкі і дзяўчынкі з аддзялення сацыяльнага прытулку, якім таксама работнікі бібліятэкі ўручылі невялічкія падарункі.

Наталля ШТЭЙНЕР



Добавить комментарий