У палоне будзённых спраў

Культура

Руплівы чалавек у вёсцы заўсёды знойдзе сабе карысны занятак. Не выпадкова, многія людзі, ужо будучы на пенсіі, асвоілі рамёствы і справы, на якія раней ці то ўсё часу не хапала, ці то не было вялікай патрэбы ў рэалізацыі такога майстэрства. І гэту выснову пацвердзіць Франц  Іосіфавіч ГАЛІМСКІ з вёскі Ясьманаўцы. Многія справы яму цяпер пад сілу.

На сваім жыццёвым шляху ён ужо прамінуў 73 вярсты.           Але на хваробы, фізічную немач яшчэ пакуль не скардзіцца. Таму і рызыкнуў узабрацца на пікавую вышыню свайго жылога дома. На “гэтай пазіцыі” мы і запеленгавалі ясьманаўскага пенсіянера…

Наш субяседнік быў не надта ахвочы да размовы, бо рамантаваць комін і гутарыць з намі на такой вышыні не вельмі камфортна для пажылога чалавека. Мужчына зазначыў, што меў да пенсіі зусім іншы прафесійны занятак. 37 гадоў адпрацаваў вадзіцелем у тагачасным калгасе “Чырвоная гвардыя”. Калясіў на “ЗІЛе”, затым прыйшлося на малакавозе дастаўляць прадукцыю з малочнатаварных ферм гаспадаркі…

Пачуўшы гучную гамонку на двары, на вуліцу з хаты выйшла жонка нашага суразмоўцы. Зінаіда Сідараўна таксама на заслужаным адпачынку. Разам з мужам выгадавалі сына Івана і дачку Ганну. Дзеці ўжо даўно сталі мінчанамі. Але роднага гнязда не выракліся. Любяць бываць у бабулі з дзядулем і чацвёра ўнукаў.

Гаспадыня мае вялікі працоўны стаж. У свой час яна ўзначальвала вытворчае звяно па вырошчванні і ўборцы лёну. Была малаказборшчыцай. А цяпер, як і ў многіх вясковых жанчын, яе стыхіяй стала кветкаводства. Нямала вазоноў мае ў хаце і клумбаў у палісадніку. Зінаіда Сідараўна любіць разводзіць вяргіні розных сартоў і адценняў. Штодзённых клопатаў па гаспадарцы – хоць адбаўляй. Разам з мужам апрацоўваюць вялікі зямельны  надзел – ён займае амаль гектар. Шмат сеюць зерневых культур, бо трымаюць курэй, каня. Ёсць і іншая жыўнасць. Летась, праўда, збылі кароўку.

Каб апрацоўваць зямлю, патрэбен розны сельскагаспадарчы рыштунак. І тут зноў выручаюць здольныя рукі Франца Іосіфавіча. Жонка хваліць яго за тое, што ўмее зрабіць граблі, асадзіць касу, спляце пры патрэбе і ўмяшчальныя кашы…

“Ён, напэўна, яшчэ і пячнік-самавук добры?” – з надзеяй яшчэ больш умацаваць рэйтынг Франца Іосіфавіча задаем мы гэта пытанне нашай субяседніцы. Зінаіда Сідараўна нас расчароўвае, зазначыўшы, што скласці рускую печ, грубку яе муж, на жаль, не ўмее.

Хоць у доме Галімскіх даўно праведзена паравое ацяпленне, але цагляная печ па-ранейшаму займае на кухні ганаровае месца. Некалі яе зрабіў Васіль – здольны да гэтага рамяства родны дзядзька гаспадыні. Печ служыць ужо доўгі век. І стравы ў ёй атрымліваюцца найсмачнейшыя. Можа так здаецца гэтым людзям таму, што дзяцінства іх прыйшлося акурат на гаротныя ваенныя і пасляваенныя гады. Франц Іосіфавіч, напрыклад, нарадзіўся ў 1941 годзе, а з датай таксама пашанцавала: з’явіўся на свет 8 мая. Але найчасцей дзень нараджэння гаспадара святкуецца ў гэтай хаце на наступны дзень. Надта ж значная дата 9 мая для кожнага, праз чый лёс прама ці ўскосна прайшла вайна…

    Ірына ПАШКЕВІЧ,

фота аўтара



Добавить комментарий